10 гадоў Польшча ў Еўразвязе. Ці варта было?


Хоць без вялікай помпы, аднак у атмасферы вясновых пікнікоў і з галоўнымі палітыкамі – Польшча сёння адзначае дзясятую гадавіну ўступлення ў Еўразвяз. Найважнейшыя ўрачыстасці з удзелам Браніслава Камароўскага і Дональда Туска пройдуць у Варшаве.
10 гадоў таму разам з Польшчаю Еўразвяз пашырыўся на дзевяць іншых краінаў – Вугоршчыну, Чэхію, Славакію, Літву, Латвію, Эстонію, Славенію, Кіпр і Мальту.
Колькасць чальцоў звязу павялічылася з 15 да 25 краінаў, і гэта было самае вялікае пашырэнне ў гісторыі Еўропы. У 2013 годзе, пасля ўваходжання ў ЕЗ Харватыі, аб’яднаная Еўропа налічвае 28 краінаў.
«Далучэнне Польшчы да Еўразвязу стала адной з самых важных падзеяў у гісторыі Польскай Рэспублікі, гэта было вяртанне да заходняй цывілізацыі», – сказаў прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск, абагульняючы 10-годдзе польскай прысутнасці ў супольніцтве.
Жыхары Польшчы на сённяшні дзень найбуйнейшыя еўраэнтузіясты. Паводле даследаванняў, цяпер задаволенасць палякаў чалецтвам у ЕЗ дасягае рэкорднага ўзроўню і складае амаль 90 %. На думку экспертаў, галоўныя прычыны – гэта падзеі ва Украіне і адчувальныя выгады чалецтва, у тым ліку датацыі ды сродкі ЕЗ, якіх за апошнія 10 гадоў было не мала. Дзякуючы Еўразвязу Польшча дасягнула вялікіх эканамічных поспехаў у параўнанні з іншымі краінамі-чальцамі.
Краіна прадэманстравала найлепшыя паказчыкі росту ў перыяд эканамічнага крызісу – ВУП краіны з 2003 года вырас на 48,8 %. Даволі важная перавага – і барацьба з беспрацоўем: за апошнія 10 гадоў яно паменшылася на 6,6 %, склаўшы летась 13,4 %. Таксама за гэтыя гады былі створаныя 2 мільёны новых працоўных месцаў.
Акрамя наўпроставых бюджэтных датацыяў, яшчэ адной выгадаю ад далучэння да ЕЗ можна лічыць замежныя інвестыцыі, якія за апошнія 10 гадоў склалі больш за 180 млрд еўраў.
У дадатак да відавочных перавагаў – такіх, як адкрытыя межы і свабодны грашовы паток, – таксама ёсць і відавочныя страты: новых магчымасцяў за мяжою шукаюць усё больш палякаў – эміграцыя насельніцтва паводле Дзяржаўнай службы статыстыкі складае 2 мільёны, аднак рэальныя паказчыкі могуць быць больш высокія.

Нягледзячы на хібы, сярод важных дасягненняў знаходжання ў еўрапейскай сям’і палякі адзначаюць не толькі эканамічны рост, але і ўзровень бяспекі ды высокі прэстыж краіны на міжнароднай арэне.

ДР, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары