Паралакс: Чысты кадр


Як паўставалі культавыя фотаздымкі. Што засталося па-за ўвагаю гледача? Аўтары, героі ды эпохі – на чорна-белых і каляровых карцінках. Пра іконы эпохаў – у праектах нашага сайту піша журналіст, знаўца гісторыі фатаграфіі ды фатограф Дзяніс Дзюба.

Калісьці ў гэтым доме Чэмбэрлен здаў Гітлеру чэшскія Судэты, цяпер у былой лазенцы Гітлера прыбіраюцца студэнты Мюнхенскай вышэйшай школы музыкі і тэатру. У 1945 годзе бухенвальдскі пыл з ботаў тут змывалі два амерыканскія фатографы.

Учора Гітлер заручыўся з Эвай Браўн, а сёння ён заб’е сябе. На календары 30 красавіка 1945-га: саюзнікі ды саветы цалкам акупавалі Нямеччыну, праз два дні над Рахстайгам залунае чырвоны сцяг, а ў мюнхенскую сядзібу фюрэра пасля здымкаў у вызваленым Дахаў уваходзяць Лі Мілер і Дэйвід Шэрман. Яна была вядомая ў Парыжы і Нью-Ёрку мадэлька, пазней стала фатографам, трымала сваю студыю, здымала для “Vogue”.

З пачаткам вайны вырашае дакументаваць яе, мае падтрыманне роднага выдання. Мілер фатаграфуе бамбаванне Лондану, вызваленне Парыжу, жахі Бухенвальду. Ён, маладзейшы на дзесяць гадоў, супрацоўнічае з “Life”. Пасля вайны Мілер будзе пакутаваць на дэпрэсію і моцна піць, а потым вырашыць займацца кулінарыяй. Шэрман перастане здымаць і стане рэдактарам.

У доме, што завяршаў тады ўсходнюю частку Каралеўскага пляцу ў Мюнхене, няма залатых батонаў і партрэтаў Адольфа ў выглядзе Напалеона – тут хіба немагчыма зрабіць сенсацыйныя фатаграфіі. І Дэйвіду з Лі прыходзіць у галаву найгеніяльнейшая ідэя, на якую іх натхніла не пагоня за прыгожай карцінкаю, а натуральнае жаданне прывесці сябе ў парадак ва ўмовах ваеннай завірухі. Мужчына з жанчынаю забіраюцца пад гітлераўскую коўдру, каб крыху адпачыць, лезуць у ягоную ванну, сядзяць за ягоным сталом – і фатаграфуюць усё гэта. Вайна ўжо скончылася, у Берліне падпісваюцца мірныя дамовы, а фатографы дэманструюць усяму свету, што расавую чысціню перамагла звычайная гігіена.

Дзяніс Дзюба для belsat.eu

Стужка навінаў