«Сацыялка» даганяе інфляцыю


«Сацыялка» даганяе інфляцыю

Ад аднаго да дзесяці долараў за месяц. Настолькі з 1 траўня павялічацца пенсіі – у сувязі з планавым пералікам уладамі бюджэту спажывецкага мінімуму. У розныя бакі зменяцца кошты некаторых марак цыгарэтаў, а шэраг гатункаў замежнага піва можа або істотна падаражэць, або знікнуць з продажу зусім.

На 21 000 павялічацца з 1 траўня мінімальныя ўзроставая пенсія. Гэта – вынік планавага пераліку ўладамі бюджэту пражытковага мінімуму. Надбаўкі да пенсіяў складуць ад 10 500 ахвярам савецкіх рэпрэсіяў да 92 000 – героям Савецкага Саюзу і Беларусі.

{movie}Эканамічны агляд (30.04.14) |right|16195{/movie}

Аднаразовыя ж выплаты мамам за нараджэнне дзіцяці павялічацца ў сярэднім на мільён. Рост штомесячнай дапамогі на дзіця-інваліда складзе ад 60-ці да 90 тысячаў. Бацькам, якія выхоўваюць здаровых дзяцей, дадатковай дзяржаўнай надбаўкі чакаць пакуль не варта, бо штомесячныя выплаты ім прывязаныя не да пражытковага мінімуму, а да сярэдняга заробку.

Таксама з заўтрашняга дня на 5 % вырасце тарыфная стаўка першага разраду, якая ўплывае на заробкі бюджэтнікаў.

Піць і курыць беларускае

Для аматараў замежнага піва з траўня могуць пачацца непрыемныя сюрпрызы, анансаваныя Лукашэнкам некалькі тыдняў таму.

АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКА, ПРЭЗІДЭНТ БЕЛАРУСІ:
“Чыё вы піва п’яце? Мяне гэта насцярожвае. Вы што, імпартнае піва лічыце лепшым за нашае і труціць думаеце надалей беларускі народ?”

Каб павялічыць прыбыткі айчынных бровараў, якія штогод страчваюць сваю долю на рынку, з 1 траўня Савет Міністраў часова ўводзіць разавыя ліцэнзіі на ўвоз піва з-па-за Мытнага саюзу. Цяпер імпарцёры мусяць спярша атрымаць дазвол дзяржаўнага канцэрну “Белдзяржхарчпрам”. Для гэтага яны, сярод іншага, павінны будуць гарантаваць, што не знізяць раздробных коштаў на свае вырабы ніжэй за ўзровень, дамоўлены з уладамі Беларусі. Пастанова будзе пакуль дзеяць паўгода.

Таксама з першага траўня зменяцца кошты асобных цыгарэтаў. Найбольш істотныя змены датычаць дзвюх імпартных марак, якія падаражэюць больш як на 20 %, і двух вырабаў Гарадзенскай тытунёвай фабрыкі “Нёман”, якія прыблізна на столькі ж патаннеюць.

Пачатак канца?

Пад пагрозай – адзін з найважнейшых рухавікоў беларускай эканамічнай мадэлі: рост малочнага экспарту ў Расею. Праўда, з адтэрмінаваннем.

Заўтрашнім днём набываюць моц тэхнічныя рэгламенты Мытнага саюзу датычна бяспекі мясных і малочных прадуктаў. Сярод новых патрабаванняў – забарона называць малаком ці маслам вырабы, што ўтрымліваюць раслінныя тлушчы замест жывёльных. Менск, аднак, настаяў, каб Еўразійская эканамічная камісія працягнула пераходны перыяд працы паводле новых правілаў да канца наступнага года.

Летась расейскія ўрадоўцы неаднаразова выказвалі падазрэнні адносна беларускіх малочных вырабаў, продажы якіх у Расеі штогод павялічваюцца, у той час як вытворчасць малака ў Беларусі штогод змяншаецца. Расейскія вытворцы тлумачаць гэта тым, што сярод натуральных сельскагаспадарчых прадуктаў іхныя беларускія калегі ўсё часцей хаваюць і штучныя.

Станіслаў Івашкевіч, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў