Я вам не скажу за ўсю Адэсу. «Мы не будзем чакаць, пакуль прыйдуць вайскоўцы»


Гэта серыя інтэрв’ю з адэсітамі аб украінскіх падзеях і асобах. Нашая суразмоўца – адэсітка Алена, выкладчыца менеджменту. Спадарыня Алена распавядае, што будуць рабіць адэсіты, калі прыйдуць “зялёныя чалавечкі”, і што ёй падабаецца ў Беларусі.

«Пуцін абараняе забойцу і злодзея – чаго ісці ў Расею?!»

– Мы жывем на поўдні, і нас не можа не кранаць тое, што цяпер адбываецца на ўсходзе. Барані Божа, мы будзем наступныя. За апошні месяц, калі захапілі Крым, большых патрыётаў і ўкраінцаў з нас цяжка было зрабіць. Людзі на працы, суседзі, сябры па-рознаму ставіліся да ўладаў. Але цяпер усе настолькі аб’яднаныя, і ўсе катэгарычна супраць усіх гвалтоўных дзеянняў. Нават калі мірна правядуць рэферэндум, большасць будзе за тое, каб заставацца ў складзе Украіны.

– Чаму тады Крым быў страчаны?

– Я даўно не размаўляла з крымчанамі, таму цяжка казаць, што там адбылося на самой справе. Але калі б людзі сталі на абарону сваёй зямлі, ніхто б яе не забраў. Калі яны палезуць у Адэсу, адэсіты не будуць чакаць, пакуль прыйдуць вайскоўцы. Аднак правільна, што не пачыналі страляніны ў Крыме, бо Украіны ўжо б не было. Яны толькі таго і чакалі, прыклад гэтага – Асеція.

– Вы цалкам адкідаеце мажлівасць далучэння да Расеі?

– Мне шкада, што адключылі расейскія каналы. Мы тут жывем, бачым настроі насельніцтва. Я была ў Кіеве, калі стралялі ў дэманстрантаў. Калі я, пабачыўшы ўсё гэта на ўласныя вочы, уключала РТР, ОРТ, з аднаго боку, гэта было смешна, а з іншага – выклікала крайнюю непрыязнасць, таксама і да Расеі, настолькі цынічна яны ілгалі. Калі б Расея яшчэ давала надзею на дэмакратыю, якая ў нас была… Але цяпер бачым, каго абараняе Пуцін, – гэтага забойцу і злодзея, нахабнага і бессаромнага. Чаго тады туды ісці?! Калі задумацца аб смерці людзей, расстраляных на Майдане, то з павагі да іхнай памяці адмаўляцца ад ідэі еўраінтэграцыі не даводзіцца.

«У Еўразвязе нас ніхто не чакае»

– То бок, вы за еўраінтэграцыю?

Нас там ніхто не чакае. Хоць Еўропа дае надзею, што нашыя ўлады будуць змушаць стаць больш еўрапейскімі, крыху абмяжоўваць свае апетыты, крыху думаць пра людзей. Але сама Еўропа нас не прыме – мы не гатовыя маральна, фінансава. Ім цяжка будзе дацягнуць Украіну да свайго ўзроўню. А браць яшчэ адных галадранцаў – сэнсу няма. Думаю, Еўропа зацікаўленая, каб паміж ёй і Расеяй быў буфер, больш цывілізаваны і спакойны. І нас гэта задавальняе, што ніхто не будзе лезці да нас са сваімі ініцыятывамі, ніхто не будзе прымушаць нас ваяваць у Чэчні ці засылаць сюды чэчэнцаў.

«Я хачу, каб маё дзіця было свабоднае»

– Дык для вас гэта найлепшы варыянт?

– Быць буферам – цалкам у менталітэце ўкраінцаў, жыць у гармоніі са сваёй краінаю. Мы нікуды не лезлі, нікога не павучалі. У нас ўжо пэўны лад жыцця, людзі маюць уласнасць, перспектывы. А Расея – гэта не Англія, не Аўстрыя, не Швейцарыя. Мяняць шыла на мыла і станавіцца людзьмі другога гатунку, каб яны называлі нас хахламі, – не хочацца. Я хачу, каб маё дзіця было свабоднае, грамадзянінам самастойнай краіны. Немагчыма вярнуць Савецкі Саюз сілаю, хоць тады была ўпэўненасць у заўтрашнім дні. Але калі над Адэсаю лятаюць іхныя знішчальнікі, як думаць пра сяброўства? Што гэта за братэрскі народ, які забівае?!

– А як вы ставіцеся да Беларусі?

– Вельмі прыемны быў выступ вашага прэзідэнта. Можа, у яго няма поўнай дыпламатычнай свабоды адкрыта выказвацца ў падтрыманне краіны. Але тое, што ён сказаў, што з вашае тэрыторыі на нашую не прыйдуць аніякія войскі, і што гандаль з намі не спыніцца, а наадварот – будзеце імкнуцца папоўніць тое, чаго не дадасць Расея, асабіста мне пачуць было вельмі прыемна. Я не ведаю, ці ёсць у вас дэмакратыя. Але я чула, што ў вас поўны парадак і няма такой карупцыі, як у нас, ёсць праца, добрыя дарогі, чыста. Для мяне гэта вельмі важна, што не патрэбна даваць хабару, каб дзіцё пайшло ў дзіцячы садок ці інстытут.

«Мне жахліва, што нехта ва Украіне можа аддаць голас за Януковіча»

– А каго вы бачыце на пасадзе прэзідэнта Украіны?

– Я буду галасаваць за Цімашэнку. Гэта адзіны мужчына ў нашай палітыцы. Яна была адзіным прэм’ер-міністрам, хто хоць нешта рабіў для людзей. А астатнія проста ідыёты, з якіх увесь свет смяяўся. Калі адзін выпучыўшы вочы, казаў, што ў яго тэкст па-дэбільнаму напісаны, а чалавек хоча быць прэзідэнтам, і ў яго яшчэ ёсць нейкі рэйтынг, то мне жахліва, што ў нашай краіне ёсць людзі, якія гатовыя аддаць за яго голас. Ён аніводнага сказу не можа дагаварыць да канца. Бегаюць з адной партыі ў другую, дзе б прыгрэцца і добра сядзець, для краіны нічога не дадуць.

Парашэнка як варыянт мог бы быць. Але калі яны дамовіліся з Лёвачкіным і Фірташам, а гэта тая кампанія, якую коштам крыві выслалі з краіны, то – не. За Клічка я б ніколі не галасавала. У яго няма спецыяльнай адукацыі, усё жыццё займаўся спортам, і ён не здольны сам прымаць эканамічных і палітычных рашэнняў.

А Цімашэнка амбітная – а значыць, для яе важна зрабіць нешта, каб пра яе добра казалі. А Расея – якое права яна мае лезці са сваімі парадамі, якою мусіць быць Украіна, якая мова павінна быць? Чаму яны не будуць указваць Нямеччыне, Амерыцы? Дагэтуль я з павагаю ставілася да Пуціна, але калі яго імперская палітыка палезла на нас, і нават Крымам ён не абмежаваўся… Калі ён палезе на нас, то людзі выйдуць, і пачнецца вайна.

Гутарыў Антось Міхайлюк, belsat.eu

Стужка навінаў