«І будзе ён працаваць, як сырое – гарэць»


Светлую будучыню Еўразійскага эканамічнага саюзу Беларусі, Казахстану і Расеі меліся абмеркаваць у Менску. Але гаспадар сустрэчы загаварыў пра магчымасць адкласці фармаванне звязу, калі бакі не гатовыя да поўнай рэалізацыі дамоўленасцяў. Што гэта: спроба шантажу палітычных партнёраў ці жаданне перацягнуць на сябе інтэграцыйную коўдру?

{movie}Быць ці не быць? |right|16186{/movie}

Быць ці не быць? Вось у чым пытанне – не толькі для Шэкспіравага Гамлета, але і для дзяжурных інтэгратараў на постсавецкай прасторы. У Менску адбылося паседжанне Найвышэйшай еўразійскай эканамічнай рады з удзелам кіраўнікоў Беларусі, Казахстану і Расеі.

АЛЯКСАНДР КЛАСКОЎСКІ, ПАЛІТЫЧНЫ АГЛЯДАЛЬНІК:
“Еўразійскі звяз – гэта найперш амбіцыйны праект Пуціна. Гэта такая яшчэ больш-менш цывілізаваная форма збірання зямель, хаця Пуцін цяпер паказаў, што можа дзейнічаць і больш брутальным чынам. Вось толькі пытанне: як гэта адаб’ецца на паводзінах Назарбаева і Лукашэнкі?”

Супольнаму паседжанню саміту “тройкі” папярэднічалі перамовы і ў вузкім, у тым ліку двухбаковым складзе.

АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКА, КІРАЎНІК БЕЛАРУСІ:
“Я думаю, што асаблівых праблемаў у нашых двухбаковых дачыненнях сёння няма – нават у складаныя часы, калі ўсясветны гандаль прасядае”.

У тым ліку – дзякуючы інтэграцыі з Расеяй. Дакладна пралічаны гандаль статусам аднаго з лічаных ваенна-палітычных хаўруснікаў Крамля прыносіць Менску важкія бонусы.

ЯЎГЕН ПРЭЙГЕРМАН, «ЛІБЕРАЛЬНЫ КЛУБ», ЭКАНАМІСТ:
“Мыты на нафтапрадукты. Гаворка ідзе пра 3–4 мільярды долараў на год. Зразумела, што Лукашэнка іх хоча і будзе дабівацца і ціснуць. Гэта будзе дадатак да тых 15–16 адсоткаў валавога ўнутранага прадукту, што мы, згодна з рознымі падлікамі, атрымоўваем у выглядзе розных субсідыяў з боку Расейскай Федэрацыі”.

Зрэшты, у кожнага – нават самага інтэграцыйнага – медаля ёсць і адваротны бок. Коштам бясконцых расейскіх крэдытаў і датацыяў замест рэформаў і шматвектарнай эканомікі можа стацца частковая і нават поўная страта незалежнасці нашай краіны. Не толькі эканамічнай.

АЛЯКСАНДР КЛАСКОЎСКІ, ПАЛІТЫЧНЫ АГЛЯДАЛЬНІК:
“Еўразійская інтэграцыя выглядае пасткаю: не можа быць нейкай раўнапраўнай, справядлівай, сумленнай інтэграцыі з імперыяй. А сёння ўсім відавочна, што Расея – гэта імперыя, якая пачала брутальна забіраць гвалтам суседнія землі”.

А таму, магчыма, усё-ткі не быць. У час саміту Лукашэнка заявіў, што з фармаваннем ЕўрАзЭС варта… пачакаць яшчэ гадоў дзесяць, бо бакі яшчэ не гатовыя да яго. Ці паспеюць інтэгратары дамовіцца да 1 студзеня, на якое запланаваны старт звязу?

АЛЯКСАНДР КЛАСКОЎСКІ, ПАЛІТЫЧНЫ АГЛЯДАЛЬНІК:
“Злепяць, напэўна, у запланаваныя тэрміны гэты звяз. Але гэта будзе сыры звяз, звяз з дзіркамі. І потым яны яшчэ доўга будуць старацца залагодзіць гэтыя супярэчнасці. І будуць нейкія канфлікты. І будзе ён працаваць, як сырое – гарэць”.

А гэта азначае, што шанец злезці з нафтава-крэдытнай расейскай голкі ў Беларусі ўсё-ткі застаецца. Нейкіх гучных інтэграцыйных рашэнняў сёння ў Менску не прагучала.

Валеры Руселік, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў