КНДР анансавала чарговыя выпрабаванні ядравай зброі


Такім чынам паўночнакарэйскі ўрад адрэагаваў на азіяцкае турнэ Барака Оўбамы. Паведамляе «Agence France-Presse» са спасылкаю на Цэнтральнае тэлеграфнае агенцтва КНДР.

Адзначым, што падчас візіту Оўбамы ў Паўднёвую Карэю кіраўнік Белага дому назваў КНДР «дзяржавай-ізгоем» і прыгразіў у выпадку правядзення ядравых выпрабаванняў далейшай ізаляцыяй краіны. У нядзелю, 27 красавіка, Пхеньян выступіў з рэзкаю крытыкаю прэзідэнта Паўднёвай Карэі Пак Кын Хэ, назваўшы яе «жанчынаю для суцяшэння». Акрамя таго, амбасадар КНДР у Расеі заявіў, што краіна працягне нарошчваць ядравы патэнцыял у адказ на варожую рыторыку ЗША.

У сакавіку паўночнакарэйскія ўлады папярэджвалі пра магчымасць «новай формы» ядравага выпрабавання ў адказ на крытыку Радаю бяспекі ААН запуску балістычных ракетаў. Пхеньян рэгулярна ажыццяўляе тэставыя запускі балістычных ракетаў, нягледзячы на тое, што гэта забараняе рэзалюцыя Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў.

Паўночная Карэя абвесціла сябе ядраваю дзяржавай у 2005 годзе. Праз год – здзейсніла першы падземны ядравы выбух. А ў 2013 годзе паўночнакарэйскія ўлады заявілі пра паспяховае сканчэнне трэціх ў гісторыі краіны выпрабаванняў ядравай зброі. Сусветная супольнасць выступіла з асуджэннем дзеянняў КНДР, на што Пхеньян заявіў: іх дзеянні – адказ на палітыку ЗША.

ЮВ, belsat.eu, AFP

Стужка навінаў