Польскае войска вучыцца на віртуальным полі бою


Некалькі тыдняў на палігоне пад Берасцем адбываюцца вайсковыя манеўры беларускіх танкавых войскаў. А рэпарцёр «Белсату» спраўдзіў, як практыкуюцца войскі NATO, і наведаў польскую абаронную фірму OBRUM у Глівіцэ, каб паглядзець, як на віртуальным палігоне практыкуюць экіпажы польскіх БТРаў.

Тэхналогіі, якія распрацоўваюцца для камп’ютарных гульняў, могуць выкарыстоўвацца значна шырэй. Польскае войска ўжывае іх штодзённа для паляпшэння майстэрства, намагаючыся зэканоміць і час, і грошы.

Афганскі досвед

Досвед польскіх жаўнераў, якія ўдзельнічалі ў стабілізацыйнай місіі ў Афганістане, паказаў, што адною з найбольшых праблемаў экіпажаў бронетранспарцёраў быў недахоп каардынацыі ды няздольнасць да тактычных дзеянняў. Экіпажы танкаў, якія выконвалі місіі патрулявання, часта не ведалі, як каардынаваць свае дзеянні: напрыклад, у выпадку адначасовага з’яўлення некалькіх праціўнікаў. Развязаннем стаў сімулятар «SK 1 Pluton», які даў магчымасць правесці навучанне экіпажаў чатырох «Расамах» – бронетранспарцёраў, зробленых у Польшчы паводле фінскай ліцэнзіі. Гэтыя прылады ўжо выкарыстоўваюцца – сярод іншага, у цэнтры навучання сухапутных войскаў у Познані.

Скрыні, напоўненыя электронікаю

Сімулятары, зробленыя ў цэнтры распрацоўвання OBRUM у Глівіцэ, – гэта скрыні, напоўненыя электронікай, якія

адлюстроўваюць нутро машыны і яе абсталяванне. На адну такую машыну прыпадае два паралельныя сімулятары: аддзяленне кіроўцы ды вежа для камандзіра карабля і стралка. Сучасныя бронетэхніка – ідэальны ўзор для вытворцаў трэнажораў. У «Расамах» вежаю ды гарматаю трэба кіраваць з дапамогаю джойстыкаў, а экіпаж назірае за сітуацыяй звонку на маніторах. Сімулятары, каб наблізіць сітуацыю да поля бою, можна паставіць на спецыяльныя гідраўлічна кантраляваныя платформы, якія высоўваюцца адпаведна з рухамі машыны. У перыскопах паказваецца генераваны на камп’ютары краявід, сімулятар таксама імітуе гукі рухавіка ды іншыя водгукі, якія даходзяць з поля бою. Камандзіры асобных экіпажаў могуць кантактаваць міжсобку для каардынацыі дзеянняў.

{movie}БТР «Расамаха» |right|16177{/movie}

Ваенная камп’ютарная гульня

Паводле інжынераў OBRUM, якія ўдзельнічалі у тэстах абсталявання на экіпажах «Расамах», зусім не лёгка выконваць баявыя задачы на віртуальным палігоне. Экіпажы-пачаткоўцы мелі пэўныя цяжкасці пры здзяйсненні вельмі простых патрульных задачаў. Частыя былі выпадкі, калі машыны губляліся, а нават атакавалі адзін аднаго. Сімуляцыя нагадвае класічную камп’ютарную гульню, на поле бою якой уводзяцца віртуальныя праціўнікі: напрыклад, жаўнеры з бранябойнымі гранатамі, якіх трэба раззброіць перад тым, як яны заатакуюць танк. Машыны таксама могуць падтрымлівацца або атакавацца віртуальнымі самалётамі ды верталётамі. Можна змяняць таксама і ўмовы надвор’я, і час дня. Звонку размяшчаецца пункт прагляду і кіравання полем бою, якое кантралюе дасведчаны афіцэр. Пасля заканчэння практыкаванняў можна прагледзець запіс бою, каб выявіць памылкі экіпажаў.

{movie}Сімулятар «SK 1 Pluton»|right|16178{/movie}

Дыстанцыйнае навучанне

Інжынер Александр Наўрат (Aleksandr Nawrat), адзін з кіраўнікоў OBRUM, падкрэслівае, што польскія сімулятары цалкам сумяшчальныя з сімулятарамі іншых натаўскіх войскаў. Прайшлі супольныя вучэнні польскіх «Расамах» з экіпажамі нямецкіх танкаў «Леапард», размешчаных у навучальным цэнтры ўзброеных сілаў Нямеччыны ў Ліпску, што за некалькіх соцень кіламетраў ад Познані. Польскімі ды нямецкімі танкамі праз інтэрнэт кіравалі на супольным віртуальным палігоне. Заняткі на сімулятарах – гэта вялізная эканомія для войска. «Расамаха»

выдаткоўвае на дыстанцыі 100 км ад 50 да 80 л дызельнага паліва. Танк «Леапард-2» у баявых умовах – нават 790 л на 100 км, не кажучы пра кошты абслугоўвання, адстраляныя набоі ды г. д.

Польская фірма плануе таксама ўвесці сімулятар у навучальную стральбу жаўнераў, якія пры дапамозе адмысловых акуляраў 3D і размешчаных на мундуры сэнсараў руху будуць нібыта пераносіцца на віртуальны палігон.

Пашыраная рэчаіснасць

Навінка, якую неўзабаве будзе выкарыстоўваць польскае войска, – г. зв. пашыраная (дапоўненая) рэчаіснасць (en. augmented

reality). Гэта тэхналогія ўжываецца ў акулярах «Google Glass». Яна грунтуецца на накладанні на рэальную выяву віртуальнай анімацыі ці субцітраў. Гэтак, напрыклад, вайсковаму механіку, які рамантуе рухавік машыны, не трэба жывога інструктара: замест гэтага механік накіроўвае камеру свайго планшэта на рамантаваны аб’ект, і камп’ютар распазнае яго ды дае рэкамендацыі, крок за крокам. Гэта вельмі паскорыць працу і дазволіць самастойна навучыцца абслугоўваць і рамантаваць прыладу. Тэхналогію пашыранай рэчаіснасці могуць выкарыстоўваць не толькі вайскоўцы, але таксама грамадзянскія асобы падчас навучання рамонту або тэхнічнаму абслугоўванню разнастайных сістэмаў.

{movie}Сучасныя тэхналогіі ў польскім войску|right|16176{/movie}

Якуб Бернат/ www.belsat.eu

Стужка навінаў