Мэра Харкава перавезлі лячыць у Ізраіль


Мэр Харкава Генадзь Кернес накіраваны ў адну з прыватных клінік ізраільскага гораду Хайфа. Яму зрабілі дзве аперацыі. Ізраільскія медыкі больш не апасаюцца за ягонае жыццё. Пра гэта у сацсетках паведаміў кіраўнік Дэпартаменту масавых камунікацыяў і сувязяў з грамадскасцю Харкаўскага гарадскога савету Юрый Сідарэнка.

Паводле чыноўніка, Кернесу штодня паступалі сотні пагрозаў: на асабісты тэлефон, праз сацыяльныя сеткі – пераважна ў сувязі з ягонай палітычнаю пазіцыяй. Сам мэр Харкава раней заяўляў, што за пагрозамі можа стаяць Арсэн Авакаў, былы губернатар Харкаўскай вобласці, а цяпер – міністр унутраных справаў Украіны. У праваахоўных органах між тым заяўляюць, што замах можа быць правакацыяй “антымайданаўцаў”, каб дэстабілізаваць сітуацыю ў рэгіёне.

Кернес атрымаў раненне ў спіну падчас ранішняй прабежкі. У выніку стрэлу закранутая печань і лёгкае, пашкоджаны хрыбетнік. Кернесу зрабілі аперацыю ў адной з харкаўскіх клінік. Хірургі здолелі прыпыніць крывацёк, аднак пагроза жыццю яшчэ застаецца. Паводле папярэдніх звестак, у мэра стралялі са снайперскай вінтоўкі Драгунова. На месцы здарэння таксама знойдзена самаробная выбухоўка.

Замах на Генадзя Кернеса асудзіла Кэтрын Эштан. Еўракамісар заклікала неадкладна вызваліць усіх людзей, якія ўтрымліваюцца сепаратыстамі на ўсходзе Украіны.

ДР, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары