Галаву Харкава падстралілі падчас прабежкі


На жыццё мэра Харкава здзейснілі замах. Нягледзячы на ахову, невядомы, які страляў з лесу, параніў кіраўніка гораду ў спіну. Куля прайшла навылет.

Здарэнне адбылося падчас ранішняй прабежкі. Паводле «Gazeta.ru», у Кернеса закранутыя печань і лёгкае. Мэра Харкава прааперавалі ў адной з харкаўскіх клінік. Дактары ацэньваюць ягоны стан як стабільна цяжкі ды адмаўляюцца даваць прагнозы. Па факту замаху на мэра МУС Украіны завялі крымінальную справу. На месцы здарэння праводзяцца следчыя дзеянні, праваахоўнікі шукаюць гільзу.

Раней Кернес заяўляў пра пагрозы на адрас яго і ягонай сям’і. Паводле мэра, за гэтым мог стаяць Арсэн Авакаў, былы губернатар Харкаўскай вобласці, а цяпер – міністр унутраных спраў Украіны. Кернес і Авакаў – даўнія палітычныя супернікі.

Генадзь Кернес займае пасаду галавы гораду з 2010 года. Ён – паплечнік былога прэзідэнта Украіны Віктара Януковіча і быў адным з ярых праціўнікаў Еўрамайдану. Неаднаразова выказваўся супраць новай украінскай улады, аднак у лютым заявіў пра гатовасць супрацоўнічаць з новым урадам.

Супраць Кернеса вядуцца тры крымінальныя справы: «Незаконнае пазбаўленне волі або выкраданне чалавека», «Катаванні» і «Пагроза забойствам». Сам мэр заяўляе, што абвінавачанні сфальсіфікаваныя.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў