Максім Вінярскі сёмы дзень трымае сухую галадоўку ў ізалятары (дапоўненае)


Паводле адвакаткі актывіста, у нядзелю Максіма забірала хуткая праз тое, што стан ягонага здароўя значна пагоршыўся, аднак шпіталь адмовіўся прыняць пацыента і яго вярнулі ў ізалятар.

Максіма Вінярскага затрымалі 22 красавіка ў Менску на выхадзе з гандлёвага цэнтру «Карона». Актывісту заявілі, што ён «падобны на чалавека, якога вышукваюць», аднак ужо ў аддзяленні міліцыі яго абвінавацілі ў непадпарадкаванні працаўнікам праваахоўных органаў і склалі пратакол аб адміністратыўным правапарушэнні. У той жа дзень суддзя Фрунзенскага суда Менску Людміла Лапо прызнала Вінярскага вінаватым і прыгаварыла да 12 дзён арышту.

Падчас суда Вінярскаму, у якога на той час была вострая ангіна, стала кепска. Медыкі хуткай дапамогі, якія прыехалі, канстатавалі, што ён мае патрэбу ў шпіталізацыі. Апроч таго, вядома, што актывіст мае праблемы з ныркамі ды сэрцам. Аднак міліцыянты заявілі, што адвязуць яго ў ЦІП. У адказ Вінярскі абвесціў сухую галадоўку, якую трымае дасюль.

Паводле Юліі Сцяпанавай, Вінярскі пачуваецца блага – у яго павышаная тэмпература. Пра гэта ён паведаміў у лісце. «Усё, што рабілі супрацоўнікі МУС і Фрунзенскага суда ў дачыненні да мяне, з’яўляецца правакацыяй, – піша асуджаны. – Такія дзеянні недапушчальныя, і калі не процідзейнічаць гэтай «сістэме», то яны ніколі не спыняцца. Мае дзеянні прадуманыя і дакладныя, я ўпэўнены ў правільнасці занятай пазіцыі і разумею, чым дзеля яе ажыццяўлення часам даводзіцца ахвяраваць. Я ўпэўнены ў перамозе над сістэмай у гэтай сітуацыі, бо амаль любы з наяўных варыянтаў развіцця падзеяў пакажа, чаго варты чалавек, здольны стаяць за свае перакананні».

25 красавіка Вінярскага наведала яго адвакат Вольга Безбародкіна. Яна пацвердзіла, што ейны падабаронны працягвае сухую галадоўку. Пасля наведання адвакатка напісала скаргу на імя начальніка ЦІП у сувязі з тым, што ў камеры, у якой сядзіць Вінярскі, няма лямпачкі і вечарамі немагчыма чытаць.

МЛ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў