STARавіны. Будаўнічыя праблемы


Кажуць, за сваё жыццё мужчына мусіць выхаваць дзіцё, пасадзіць дрэва і пабудаваць дом. Я сам нядаўна вельмі шмат часу аддаваў будаўніцтву хаткі ў вёсцы, а таму, калі збіраў матэрыялы для сваіх эсэ, звярнуў увагу на тое, як сто гадоў таму развязвалі праблемы, што ўзнікалі падчас будаўніцтва.

Усё пачыналася, як і цяпер – з пошуку зямлі, на якой будзе стаяць дом. Мы знаходзім газеты і шукаем у іх аб’явы, кшталту змешчанай у «Могилёвском Вестнике»: «3 вучастка зямлі над левым берагам р. Дняпра па Берагавой і Петрапаўлаўскай вул. (вучасткі змежныя і складаюць 1 вучастак у 594 квадратных саженей) прадаюцца альбо аддаюцца ў арэнду (можна пад забудову з правам выкупу забудаванай зямлі за некалькі гадоў». Далей выбіраем матэрыял, з якога будзе будавацца дом. У будаўнічым сезоне Магілёва новаю з’яваю на пачатку ХІХ стагоддзя стала будаўніцтва з бетону. З яго, напрыклад, будавалі корпус мясцовай фабрыкі. Паводле колькасці бетонныя пабудовы пачынаюць выцясняць будынкі з цэглы, што былі вельмі дарагія (МВ, 1913 г., 9(22).04).

Значную колькасць часу і грошай займаюць унутраныя працы. Быў здзіўлены, прачытаўшы аб продажы ў краме В. Кічына лібаўскага лінолеуму (МВ, № 241, с. 4) і паркету розных пародаў дрэва і малюнкаў прадстаўніка ў «Паўночна-Заходнім краі» С. Ракаўшчыкова (МВ, № 276, с. 4). Маё здзіўленне выклікаў лінолеум, які я лічыў сучасным будаўнічым матэрыялам. «Могилёвский вестник» рэкламаваў вогнеўстойлівыя фарбы – алейныя і клеявыя – пад назваю «Пламябой». Іх каштоўнасць у тым, што яны робяць тканіну і дрэва вогнеўстойлівымі (1913, № 169, c. 1).

Увагу мы звяртаем і на працы, якія рабіла, напрыклад, у Магілёве тэхнічная і электратэхнічная кантора І. Калецкага: абсталяванне водаправодаў, помпаў і санітарных прыбораў, усталяванне цэнтральнага ацяплення і біялагічнага ачышчэння сцёкавых водаў, правядзенне электрычнага святла (МВ, 1913 г., 25.07(7.08), с. 4). Пра зберажэнне святла думалі ўжо тады. Можна было набыць лямпачкі «Вотан» ці «Асрам» з нацягнутаю дротаваю ніццю, а для вуліцы – керасінава-калільны ліхтар Галкіна (сімплекс-аўтамат) (МВ, № 251, с. 2, 6).

Такім чынам бачым, што будаўнічыя праблемы маглі паспяхова развязвацца. Са сваймі я таксама паступова даю рады – чаго зычу і ўсім мужчынам, хто будуе свой дом. А ўсім – жыць утульна ў нашым агульным Беларускім Доме!

Вячаслаў Швед для belsat.eu

Стужка навінаў