Судовы канвеер ізноў запушчаны: сямёра актывістаў чакаюць разгляду справаў


Семярых актывістаў «прэвентыўна» асудзілі яшчэ да правядзення «Чарнобыльскага шляху». Сёння ў судзе разгледзяць адміністратыўныя справы супраць яшчэ сямі асобаў. Іхныя затрыманні звязваюць таксама з візітам у Менск Уладзіміра Пуціна, што адбудзецца 29 красавіка.



Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», перад «Чарнобыльскім шляхам» міліцыянты арыштавалі васьмярых актывістаў. Сямёра з іх былі прыгавораныя да арыштаў тэрмінам ад 5 да 25 дзён паводле розных артыкулаў Кодэксу аб адміністратыўных правапарушэннях (дробнае хуліганства, супраціўленне міліцыянтам, парушэнне правілаў прэвентыўнага нагляду).

Найдаўжэй пад арыштам – ажно 25 дзён – застанецца былы палітвязень Зміцер Дашкевіч, якога абвінавацілі ў парушэнні правілаў нагляду і падпарадкаванні міліцыі. Актывіста «Еўрапейскай Беларусі» Максіма Вінярскага асудзілі на 12 содняў за нібыта непадпарадкаванне міліцыі. Пасля судa яго агледзелі медыкі хуткай дапамогі ды сцвердзілі, што ён хворы на ангіну і мае пaвышаную тэмпературу, аднак актывіста ўсё адно змясцілі ў ізалятар. Максім Вінярскі абвесціў сухую галадоўку.

Былога палітвязня Аляксандра Францкевіча таксама арыштавалі да «Чарнобыльскага шляху», аднак суд адбудзецца толькі ў панядзелак. Праваабаронцы ды родныя Аляксандра не ведаюць, у чым яго вінавацяць.

Сёння ў судзе разгледзяць справы таксама Юрыя Рубцова, Леаніда Смоўжа. Імёны яшчэ чацвярых затрыманых асобаў невядомыя. Міліцыянты схапілі іх падчас і пасля «Чарнобыльскага шляху».

{movie}Затрыманні падчас “Чарнобыльскага шляху”. Відэа ПЦ “Вясна”|right|16151{/movie}

Праваабаронцы называюць гэтыя затрыманні адвольнымі. «Затрыманні былі скіраваныя на запалохванне ўдзельнікаў акцыі, а таксама як працяг практыкі палітычных рэпрэсіяў у дачыненні палітычнай апазіцыі ды грамадскіх актывістаў», – гаворыцца ў маніторынгавай справаздачы праваабаронцаў, якія назіралі за хадою «Чарнобыльскага шляху».

Міхась Ліхтаровіч, belsat.eu

Стужка навінаў