Баевікі ў Данбасе схапілі ды катавалі трох працаўнікоў СБУ


У Краматорску экстрэмісты ўзялі ў палон трох афіцэраў спецназу «Альфа» СБУ, паведамляе шэраг расейскіх медыяў.

Апроч таго, у інтэрнэце з’явіліся фота і відэа захопленых баевікамі ўкраінскіх афіцэраў, у якім яны прызнаюцца, што прыехалі ў горад у межах спецаперацыі. Як паведамляе «Комсомольская правда», данбаскія сепаратысты захапілі афіцэраў СБУ ў Краматорску, а пазней перавезлі палонных у Славянск.

На відэа, якое з’явілася на сайце «Комсомольской правды», трое скрываўленых мужчынаў без штаноў, з пераматанымі скотчам тварамі, адказваюць на пытанні расейскіх журналістаў і распавядаюць пра тое, як трапілі ў палон да баевікоў. Усё гэта адбываецца ў захопленым тэрарыстамі будынку СБУ ў Славянску. Самі тэрарысты пры гэтым дэманструюць журналістам пасведчанні ды жэтоны трох украінскіх афіцэраў на імёны маёра Сяргея Пацемскага, капітана Яўгенія Вярынскага і падпалкоўніка Расціслава Кіяшкі. Апроч таго, журналістам паказваюць зброю, канфіскаваную ў захопленых супрацоўнікаў СБУ.

Паводле аднаго са скрываўленых мужчынаў, іхная група складалася з сямі чалавек. У Краматорск іх перакінулі верталётам з гораду Ізюм Харкаўскай вобласці. Задачаю групы, паводле мужчыны, было выкраданне аднаго з сепаратыстаў Ігара Безлера, які ўжо каля дзесяці дзён кіруе ўтрыманнем будынку УУС Горлаўкі.

Лідар сепаратыстаў Славянску Ігар Стралкоў абвесціў схопленых ваеннапалоннымі. «Мы прапаноўваем Кіеву памяняць іх на нашых паплечнікаў, затрыманых уладамі», – заявіў Стралкоў.

У СБУ пацвердзілі, што іх супрацоўнікаў захапілі сепаратысты, не ўдакладняючы іх колькасць і абставіны захопу.

Гэтых звестак не каментуе вайсковы эксперт, каардынатар групы «Інфармацыйны супраціў» Дмытро Тымчук.

«Факту затрымання данецкімі экстрэмістамі працаўнікоў СБУ (пра што сёння ўначы паведамілі медыі) мы, група «Інфармацыйны супраціў», не каментуем. Лічым, што гэта ў кампетэнцыі выключна самой СБУ», – напісаў эксперт на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку».

МЯ, belsat.eu, паводле kp.ru, tsn.ua

Глядзі таксама
Каментары