Студэнцкія пакуты праз... хакей


Сотні беларускіх студэнтаў часова страцілі жытло ў інтэрнатах. На іхныя месцы заселяць замежнікаў – гасцей чэмпіянату свету па хакеі. Самых жа навучэнцаў масава высяляюць. У якіх умовах давядзецца перажыць іміджавую спартовую імпрэзу сталічным навучэнцам?

{movie}Студэнцкія пакуты|right|16149{/movie}

Звычайнае жыццё сталічных студэнтаў хутка мяняецца на цяжкае выпрабаванне. Значная частка навучэнцаў менскіх універсітэтаў вымушаная жыць на валізках і тэрмінова шукаць новае жытло. Прычына? Пастанова гарадскіх уладаў засяляць у студэнцкія інтэрнаты гасцей чэмпіянату свету па хакеі.

АЛЕСЯ, СТУДЭНТКА:
“На Дзяржынскага было нашмат лепш. Там былі новыя інтэрнаты”.

А гэта для некаторых – ужо мінуўшчына. Са студэнцкае вёскі некаторым давялося высяляцца вось у такі інтэрнат на вуліцы Матусевіча. Як кажуць самыя жыхары, умовы тут, мякка кажучы, далёкія ад нармальных.

АНТОН, СТУДЭНТ:
“Мы прызвычаіліся жыць у студэнцкай вёсцы. Там у кожным пакоі – душ і кухня. А тут прусакі бегаюць. Дамашніх жывёлінак маем”.

Таму новае месца жыхарства ўжо атрымала назву “тараканнік”. На падлозе і ў шафах такіх хатніх жывёлінак можна сустрэць удзень і ўначы. У адрозненні ад студэнтаў, яны пачуваюцца тут свабодна і бяспечна. Акрамя гэтага.

АЛЕСЯ, СТУДЭНТКА:
“Душу ў блоку няма. Прыбіральня ў кепскім стане. Жывем у пакоях па пяць асобаў”.

Невыгоды, вядома, не спрыяюць навучальнаму працэсу. Як прызнаюцца студэнты…

АНТОН, СТУДЭНТ:
“Хутка сесія, а тут рэчы трэба перавозіць. Трэба рыхтавацца, пісаць курсавыя”.

Тым больш, што паводле закону ўсё мусіць быць інакш.

АЛЯКСАНДР, СТУДЭНТ:
“Выпадкова днямі пабачыў дамову пра арэнду жытла ў інтэрнаце, там быў прапісаны пункт, што мусяць быць забяспечаныя ўсе тэхнічныя і санітарныя ўмовы”.

Што праўда, частцы студэнтаў паабяцалі, што іхныя пакуты скончацца пасля завяршэння чэмпіянату. Аднак сярод выселеных ёсць і такія, каму ўжо паведамілі, што пра вяртанне ў выгодныя інтэрнаты лепш не марыць.

Ян Бабіцкі, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў