СБУ: Тэрарысты хочуць выкарыстаць захопленых прадстаўнікоў АБСЕ як «жывы шчыт»


У Славянску тэрарысты, якія ўчора захапілі прадстаўнікоў АБСЕ, плануюць выкарыстоўваць іх у якасці «жывога шчыта», паведамілі ў прэс-цэнтры Службы бяспекі Украіны.

Як адзначылі ў спецслужбе, выкраданне ваенных экспертаў АБСЕ было спланаванае і здзейсненае пад кіраўніцтвам афіцэра расейскага спецназу Ігара Стралкова, а беспасярэднімі выканаўцамі сталі дыверсанты на мянушкі Тэрэц і Абвер.

Паводле інфармацыі СБУ, захопленых прадстаўнікоў АБСЕ утрымліваюць у сутарэннях штабу тэрарыстаў. Сярод затрыманых ёсць чалавек, які мае патрэбу ў неадкладнай медычнай дапамозе, але тэрарысты адмаўляюцца прапусціць лекараў і дапамогі закладнікам не аказваюць.

Самі тэрарысты заяўляюць, што свае дзеянні яны ўзгадняюць з расейскім бокам, паведамілі ў СБУ.

У сувязі з гэтым украінскі бок чарговы раз падкрэсліў крайнюю неабходнасць, каб Расейская Федэрацыя афіцыйна адмежавалася і асудзіла тэрарыстычныя дзеянні ў Славянску, падтрымала, як сябра АБСЕ, неадкладнае вызваленне закладнікаў, аказанне ім медычнай ды іншай дапамогі.

25 красавіка, аб 11:40 на ўездзе ў Славянск з боку Краматорску невядомыя спынілі аўтобус з 13-цю пасажырамі. Сярод іх былі 7 прадстаўнікоў АБСЕ, 5 прадстаўнікоў Узброеных сілаў Украіны і кіроўца транспартавага сродку.

Паводле інфармацыі Мінабароны Нямеччыны, у складзе няўзброенай місіі, затрыманай у Славянску, – трое ваенных назіральнікаў з Нямеччыны, адзін нямецкі ваенны перакладчык і чацвёра ваенных назіральнікаў з Даніі, Чэхіі, Польшчы і Швецыі.

Сёння, 26 красавіка, апалчэнцы Славянску заявілі, што пакуль не збіраюцца адпускаць замежных ваенных назіральнікаў, бо лічаць іх «шпіёнамі». Баевікі заявілі пра намер абмяняць іх на сваіх палонных, сярод іншага, на (арыштаванага «народнага губернатара» Данецку) Паўла Губарава.

МЯ, belsat.eu, паводле unian.net.

Глядзі таксама
Каментары