Ці магчымы свет без смецця?


І як зрабіць яго чысцейшым? Пацікавіўся карэспандэнт “Белсату” Алесь Сіліч, які наведаў сталіцу Славеніі Любляну.

{movie}Ці магчымы свет без смецця? |right|16123{/movie}

“Свет без смецця”. Такая назва праекту, які вось ужо 10 гадоў рэалізоўваецца ў Славеніі. Не бяз поспеху, бо за гэты тэрмін з дапамогаю Еўразвязу, які вылучыў 72 мільёны еўраў, аб’ёмы адкідаў у краіне зменшыліся больш як удвая: з 200 тысяч тонаў за год да 85-ці. Акрамя сістэмы раздзялення смецця і будаўніцтва прадпрыемстваў для вытворчасці біягазу, у Славеніі знайшлі яшчэ пару-тройку ідэяў, як зрабіць грамадства чысцейшым.

“Вялікія чысткі”

ЯКА КРАНЬЦ, «ЭКОЛАГІ БЕЗ МЕЖАЎ»: “Славенія – гэта краіна лясоў ды гораў, і вельмі проста схаваць смецце ў лесе, пазбавіцца яго недзе на прыродзе. Такія рэчы часта здараліся раней, але мы спрабуем палепшыць сітуацыю зменамі ў заканадаўстве і грамадскімі дыскусіямі на гэтую тэму”.

Штогод арганізацыя, дзе працуе Яка, ладзіць “вялікія чысткі”, масавыя грамадскія акцыі, штосьці накшталт нашых суботнікаў, у якія летась уцягнулі і мясцовую цыганскую супольнасць. Людзі прыбіраюць ужо íсныя мінісметнішчы на палях і ў лясах.

Адказны бізнес

Мясцовая крама “Смэтумэт” у цэнтры славенскай сталіцы, яшчэ адзін прыклад як можна паменшыць аб’ёмы смецця. Прычым зрабіць гэта з натхненнем і фантазіяй.

АЛЕНКА КРЭЧ БРЫЦЭЛЬ, ПРАЦАЎНІЦА «SMETUMET»: “Вось з гэтых старых гальштукаў мы зрабілі паясы. Вы можаце насіць гэта як пояс, а не як гальштук. Гэтыя торбы зробленыя са старых упаковак кавы ды іншых напояў”.

Кожнаю рэччу, якую прафесійныя мастакі і дызайнеры зрабілі фактычна з адкідаў, тут ганарацца, бо яна нясе, як тут выказваюцца, “частку нашай філасофіі”. І ў кожнай рэчы, як і ў чалавека, ёсць душа. І жаданне жыць як мага даўжэй.

Улады толькі «ЗА»

Падтрымліваюць канцэпцыю гэтай крамы ды і ўсе іншыя ідэі, якія робяць навакольнае асяроддзе ў краіне чысцейшым, і славенскія ўлады.

МІЦЯ ПРАЗНІК, МЭРЫЯ ЛЮБЛЯНЫ: “Гэта адзін з прынцыпаў міжнародна прызнанага комплексу захадаў для развязання праблемы смецця: першае – запабегчы з’яўленне новых відаў смецця, а другое – паўторна выкарыстоўваць тое смецце, якое ўжо ёсць”.

На ўсе гэтыя мэты ў межах праекту “Свет без смецця” славенскі ўрад вылучыў 72 мільёны еўраў, столькі ж дадаў Еўрапейскі Звяз. Але і высокія ўлады, і мясцовыя грамадскія актывісты ўпэўненыя: новыя падыходы да праблемы смецця людзям нельга навязаць звонку. Трэба спачатку дапамагчы ім пераадолець уласныя комплексы і стэрэатыпы, якія існуюць тут з югаслаўскіх часоў.

І, як выказаўся аднойчы вядомы герой “Сабачага сэрца” Міхаіла Булгакава, “разруха не ў клазетах, разруха ў галовах”. Згодныя з гэтым меркаваннем і мясцовыя энтузіясты ідэі “свету бяз смецця”. І калі ў галаве кожнага з нас, дадаюць яны, будзе квітнець не разруха, але аазіс прыгажосці, то неўзабаве гэты аазіс з’явіцца і вакол нас”.

Алесь Сіліч, Славенія, belsat.eu

Стужка навінаў