Дырэктар Беларускай АЭС у Астраўцы наракае на нізкі заробак


На Беларускай АЭС ужо пабудавалі падмурак для першага энергаблоку. На будоўлі ж страйкуюць працаўнікі, паведамляе ініцыятыва «Астравецкая АЭС – гэта злачынства». Дырэктар атамнай станцыі прызнаўся, што і сам незадаволены заробкам.

Галоўны інжынер АЭС: Працы ідуць без апераджэння



Жыццё ў Астраўцы сёння віруе. Зранку і ўвечары каля пляцоўкі будучай атамнай станцыі – чэргі аўтобусаў і аўтамабіляў з працаўнікамі. У ваколіцах Астраўца будуюцца новыя мікрараёны – будучае мястэчка атамнікаў.

З гэткай актыўнасцю кантрастуюць папялішчы ад спаленых хатаў і закінутыя вакол пляцоўкі хутары, што яшчэ чакаюць зносу. А што адбываецца на будоўлі?

Як распавёў галоўны інжынер РУП «Беларуская атамная электрастанцыя» Анатоль Бондар, 22 красавіка дырэкцыя атрымала поўную ліцэнзію на пабудову першага энергаблоку. «Мы амаль скончылі падмуркі для асноўных будынкаў першага энергаблоку. Асноўныя будынкі – гэта рэактарнае аддзяленне, машынная зала, будынак бяспекі, паравая камера, будынак кіраўніцтва, будынак рэзервова-дызельнай электрастанцыі, градзірня», – распавёў Анатоль Бондар.

Галоўны інжынер адзначыў, што працы ідуць згодна з графікам. Нязначна апераджаюць тэрміны толькі на некаторых аб’ектах. Да канца 2014 года, паводле спадара Бондара, пракладуць трубаправод і распачнуць працы на аб’ектах ужо вышэй за ўзровень падмурку.

Дырэктар АЭС: Я таксама незадаволены сваім заробкам

На будаўніцтва Беларускай АЭС актыўна набіраюць працаўнікоў. У сакавіку сюды прыехалі першыя выпускнікі фізічнага факультэту БДУ. Жыхароў Астравеччыны запэўніваюць, што атамная станцыя стане для іх крыніцаю працы і грошай. У той жа час, як распавёў актывіст ініцыятывы «Астравецкая АЭС – гэта злачынства» Іван Крук, на мінулым тыдні будаўнікі, што працуюць на пляцоўцы, страйкавалі. Рабочыя незадаволеныя малымі заробкамі, якія шмат у каго не перавышаюць Br 3 млн. Таму, паводле спадара Крука, людзі адмовіліся распачынаць працу і патрабавалі размовы з кіраўніцтвам будоўлі АЭС. Не дачакаўшыся кіраўніцтва, будаўнікі ўсё ж пайшлі працаваць.

Дырэктар Беларускай АЭС Міхаіл Філімонаў аспрэчыў, што быў страйк: «Першы раз ад вас цяпер чую. Ніхто мне нічога такога не казаў, і ніхто да мяне не прыходзіў. Магчыма, нехта і незадаволены заробкам, не ведаю. Я, дарэчы, таксама ім незадаволены».

Таццяна Новікава: Надзея, што АЭС у Астраўцы не пабудуюць, яшчэ ёсць



Каардынатарка Беларускай антыядравай кампаніі ўпэўненая, што беларускае грамадства яшчэ можа супрацьстаяць будаўніцтву Астравецкай АЭС. «Надзея на тое, што АЭС не пабудуюць, ёсць. Гэта вельмі каштоўны аб’ект, а Расея сёння ўвязалася ў складанае супрацьстаянне з Украінай, якое таксама патрабуе ад яе значных сродкаў. Да таго ж, з эканамічных прычынаў замарозілі праекты Вісагінскай і Балтыйскай станцыяў», – тлумачыць свой аптымізм Таццяна Новікава. Але, паводле актывісткі, каб супрацьстаяць будаўніцтву АЭС, трэба дзеяць.

Адной з найбольш эфектыўных магчымасцяў выказаць сваю пазіцыю спадарыня Таццяна лічыць «Чарнобыльскі шлях»: «Сёлета «Чарнобыльскі шлях» пройдзе пад лозунгам пратэсту супраць ядравай пагрозы, якая сыходзіць як ад папярэдніх ядравых катастрофаў, ад наступстваў ваенных дзеянняў ды іспытаў ядравай зброі, гэтак і ад запланаваных атамных станцыяў. Бярыце плакаты супраць «мірнага» атаму і прыходзьце. Бо без актыўнасці грамадзянаў нічога не адбудзецца».

Пабудавалі 5 % атамнай станцыі



Беларуская атамная станцыя будзе складацца з двух энергаблокаў сумарнаю магутнасцю да 2400 МВт. Будуецца яна паводле расейскага праекту «АЭС-2006». Эксперты называюць гэты праект эксперыментальным, які яшчэ нідзе на свеце не быў апрабаваны. Першы блок Беларускай атамнай станцыі мае быць уведзены ў эксплуатацыю ў лістападзе 2018 года. Як паведамляецца на сайце РУП «Беларуская АЭС», на красавік гэтага года выканалі 5 % ад агульнага аб’ёму працаў.

Настасся Міхалевіч, belsat.eu

Стужка навінаў