Заяўнікі Маршу незалежнасці не супраць бачыць на акцыі чырвона-зялёныя сцягі


Уладам было б выгадна дазволіць правядзенне 14 траўня ў Менску Маршу незалежнасці, мяркуюць заяўнікі акцыі.



Заяўку на правядзенне акцыі 25 красавіка перадалі ў Менгарвыканкам. Заяўнікі – прадстаўнікі апазіцыі Юрась Губарэвіч, Алесь Лагвінец, Сяргей Вазняк, Ігар Лялькоў, Дзяніс Садоўскі – просяць гарадскія ўлады дазволіць правядзенне шэсця ад пляцоўкі каля Нацыянальнай бібліятэкі да плошчы Незалежнасці па праезнай частцы праспекту, а таксама мітынгу на плошчы Незалежнасці.

Першы намеснік старшыні руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч мяркуе, што дазвол на правядзенне маршу падчас чэмпіянату свету па хакеі стаў бы «прыгожым крокам з боку ўладаў»: «Заўзятары, у тым ліку замежныя, змаглі б лепш убачыць, як развіваецца Беларусь. Дэманстрацыя імкнення беларусаў да незалежнасці сфармавала б у іх значна лепшае ўражанне ад краіны».

Арганізатары акцыі мяркуюць, што марш у цэнтры сталіцы выканаў бы кансалідоўную ролю для беларускага грамадства. Пры гэтым яны не супраць, калі да акцыі далучацца і грамадзяне з дзяржаўнымі чырвона-зялёнымі сцягамі.

Намеснік старшыні руху «За свабоду» Алесь Лагвінец нагадаў, што падчас звароту да народу і парламенту 22 красавіка Лукашэнка заявіў аб незалежнасці як аб галоўнай каштоўнасці. «Пытанне агульнанацыянальнага кансенсусу для падзеленага беларускага грамадства вельмі важнае. Трэба прыйсці хаця б да мінімуму рэчаў, у поглядах на якія ўсе беларусы прытрымліваліся падобнага пункту гледжання», – падкрэсліў апазіцыянер.

Намеснік старшыні Партыі БНФ Ігар Лялькоў адзначыў, што Марш незалежнасці не выпадкова плануецца правесці 14 траўня. Ён нагадаў, што ў гэты дзень ў 1995 годзе прайшоў рэферэндум аб дзяржаўнай сімволіцы, які паклаў пачатак расколу грамадства. «Надышоў час пакласці канец гэтаму расколу хаця б у пытанні незалежнасці краіны. Усе грамадзяне, незалежна ад сваіх поглядаў, мусяць яе абараняць. Мы прапануем уладам прадэманстраваць сваю гатовасць аб’яднаць грамадства пад сімвалам незалежнасці», – сказаў дзеяч.

МЯ, паводле БелаПАН, belsat.eu

Стужка навінаў