Арышты апазіцыі ў чаканні расейскага госця


Лідар Партыі БНФ Аляксей Янукевіч звязвае арышты пяці апазіцыйных актывістаў з візітам Уладзіміра Пуціна ў Менск.

За апошнія чатыры дні ў беларускай сталіцы затрымалі Аляксандра Сцепаненку, Уладзіміра Сяргеева (абодвух асудзілі на пяць содняў адміністратыўнага арышту), Максіма Вінярскага (12 содняў арышту), Іллю Дабратвора (10 сводняў арышту) і Змітра Дашкевіча (25 содняў арышту).

29 красавіка ў Менску мае адбыцца нарада Еўразійскага эканамічнага савету, у якой плануецца ўдзел прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна. «На жаль, ужо не першы раз улады Беларусі ў межах рыхтавання да прыёму гэтага расейскага госця рэалізуюць кампанію прэвентыўных арыштаў моладзевых актывістаў апазіцыі паводле заведама фальшывых абвінавачанняў», – цытуе словы палітыка БелаПАН.

Лідар партыі адзначае, што «ў гэтыя дні ўкраінскае дзяржава вымушана праводзіць антытэрарыстычную аперацыю супраць падтрыманых Расеяй бандытаў ва ўсходняй частцы Украіны, а некалькі тыдняў таму расейскія войскі незаконна акупавалі ўкраінскі Крым (…) На фоне гэтых падзеяў прымаць у Менску кіраўніка Расейскай Федэрацыі шкодна для беларускіх нацыянальных інтарэсаў, так як гэта можа быць расцэнена як падтрыманне захопніцкай палітыкі Крамля ў дачыненні незалежнай Украіны», – мяркуе Янукевіч.

«Страшэнная хваля прэвентыўных арыштаў павінна быць спыненая, – заяўляе лідар Партыі БНФ. – Напярэдадні чэмпіянату свету па хакеі, які прыцягвае ўвагу ўсяго свету да Беларусі, беспадстаўныя арышты дэманструюць сусветнай грамадскасці найбольш адмоўныя і непрывабныя рысы паноўнага тут рэжыму. Такім чынам, сілавыя структуры робяць дрэнную паслугу арганізатарам сусветнага хакейнага першынства і наносяць краіне іміджавыя страты».

Янукевіч таксама перасцерагае ўлады ад выкарыстання правакацыяў падчас запланаванага на 26 красавіка «Чарнобыльскага шляху»: «Традыцыйнае чарнобыльскае шэсце ў гэтым годзе з’яўляецца юбілейным, яно пройдзе па вуліцах Менску дваццаць пяты раз, і вельмі важна, каб дэманстрацыя прайшла мірна і без выкарыстання гвалту з боку міліцыі», – заявіў палітык.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў