25 сутак для Змітра Дашкевіча


Першамайскі суд Менску на 25 сутак асудзіў сустаршыню міжнароднага грамадскага аб’яднання «Малады фронт» Змітра Дашкевіча. Былога палітвязня затрымалі напярэдадні ўвечары каля яго дома.

Дашвекіч атрымаў прысуд паводле двух артыкулах Кодэксу аб адміністратыўных правапарушэннях: невыкананне патрабаванняў прэвентыўнага нагляду і супраціў працаўнікам міліцыі.

Былы палітвязень прызнаў, што з-за працы спазніўся дамоў, аднак адрынуў абвінавачанне ў непадпарадкаванні працаўнікам міліцыі, паведамляе Радыё Свабода. На думку сустаршыні «МФ», яго арышт можа быць звязаны з магчымаю актыўнасцю арганізацыі перад «Чарнобыльскім шляхам» і чэмпіянатам свету па хакеі.

Зміцер Дашкевіч знаходзіцца пад прэвентыўным наглядам міліцыі, які мае скончыцца 28 траўня. Яго вызвалілі ў жніўні 2013-га з Гарадзенскай турмы № 1, дзе адбываў амаль трохгадовае пакаранне за «асабліва зацятае хуліганства», а пазней за «зацятае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы».

Прэвентыўныя затрыманні актывістаў працягваюцца

Паводле праваабарончай арганізацыі «Вясна», за некалькі апошніх дзён ў сталіцы прэвентыўна затрымалі Максіма Вінярскага, Іллю Дабратвора, Аляксандра Сцепаненку і Уладзіміра Сяргеева.

На паўгода працягнулі прэвентыўны нагляд, які меўся скончыцца 25 красавіка, у дачыненні лідара моладзевага крыла кампаніі «Гавары праўду» – «Zмена» – Паўла Вінаградава. Міліцыянты параілі Вінаградаву на час травеньскіх святаў і чэмпіянату свету з’ехаць з Менску, каб пазбегнуць праблемаў. Пра гэта актывіст паведаміў у «Facebook’у».

Праваабаронцы выказваюць думку, што затрыманні звязаныя з правядзеннем «Чарнобыльскага шляху», які пройдзе ў суботу 26 красавіка, або візітам у Беларусь Пуціна, запланаваным на 29 красавіка.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў