«Velcom» па-беларуску


Кампанія «Velcom» стварыла бясплатны мабільны дадатак «moVa» для android- ды iOS-прыстасаванняў. Цяпер пісаць паведамленні можна і ў роднай мове. Яго можна ўсталяваць праз «Play-маркет» або «App Store». Дастаткова ўвесці «moVa».

«Тэма беларускай мовы і культуры вельмі блізкая «Velcom’у». Часцей мы ладзім розныя беларускія тэлевізійныя кампаніі, цяпер распрацавалі і моўны дадатак для мабільных тэлефонаў. Мы адчуваем, што ўсё больш і больш людзей гатовыя гаварыць і пісаць па-беларуску. Але яны баяцца дапусціць памылку. Баяцца, што чагосьці не ведаюць. Гэты дадатак створаны для таго, каб тонка і неназойліва дапамагчы аформіць у словы тое, што людзі хацелі б сказаць па-беларуску», – тлумачыць кiраўнiк упраўлення маркетынгу кампаніі Юлія Дайнэка.

І сапраўды, у праграме ёсць адмысловы слоўнік. Туды можна ўвесці слова на любой мове, а ён перакладзе яго на беларускую.

Паслаць паведамленне камусьці са спісу кантактаў можна наўпрост з гэтай праграмы. Аднак з сацыяльнымі сеткамі яна працуе іншым чынам. Такая функцыя не прадугледжаная. То бок, каб паслаць паведамленне камусьці са спісу сяброў у «Facebook’у» (VK ці «Twitter’ы»), давядзецца скапіраваць напісанае ў праграме і ўставіць на старонку сацсеткі.

«Мы пачалі думаць, як стварыць такі дадатак яшчэ раней, чым год таму. Але не маглі знайсці тэхнічнага рашэння і патрэбнага афармлення. Літаральна месяц таму рэкламнае агенцтва сказалі нам, што ведае, як гэта зрабіць. І мы зрабілі», – адзначае Юлія.

Цяпер праграма працуе на платформах «Android» ды «iOS». «Windows» пакуль застаецца без моўнага дадатку, бо ёсць пэўныя тэхнічныя складанасці. Але магчыма, гэта стане наступным крокам «Velcom’у».

Кампанія ўжо рыхтуе новы беларускі падарунак

Для «Velcom’у» гэта не першы і не апошні крок да беларускасці. Да свайго 15-годдзя кампанія выпусціла ролік на песню «Простыя словы» Міхаіла Анемпадыстава ў выкананні Лявона Вольскага.

{movie} velcom 15 гадоў з вамi |right|16106{/movie}

«Праца над кліпам ішла паслядоўна. Спачатку мы стварылі канцэпцыю таго, што хочам сказаць ім. 15 гадоў – гэта пэўны рубеж. Але ўсё толькі пачынаецца і шмат цікавага наперадзе. Потым мы правялі паралель з тым, што ў гэты час важнага ў жыцці адбывалася ў нашых абанентаў», – распавядае кiраўнiк упраўлення маркетынгу.

У кліпе паказваецца жыццё адной сям’і. Пэўныя важныя рашэнні ды падзеі, якія адбываюцца цягам 15 гадоў. Потым, ужо падчас працы, стваральнікі роліку пачалі шукаць музыку. Было некалькі варыянтаў, але «Простыя словы» ляглі найлепш.

«Мы адчуваем сябе сапраўды беларускаю кампаніяй. Нам блізкая беларускасць. Пачынаем нейкі новы праект, у канцы шукаем патрэбныя словы, і яны прыходзяць па-беларуску», – дадае Юлія.

Цяпер кампанія рыхтуе новы падарунак у межах «Ночы музеяў». Ён будзе звязаны з працамі вядомага беларускага мастака, якія ў нашай краіне амаль ніколі не выстаўляліся. Астатняе – пакуль трымаюць у сакрэце.

Настасся Маланка, belsat.eu

Стужка навінаў