«Гэта танец, 2 крокі налева, 2 крокі направа, гэта танец лавіравання паміж полюсамі сілы»


Крызіс ва Украіне спрычыніўся да пэўнай размарозкі кантактаў на найвышэйшым узроўні ў лініі Беларусь-Захад. Упершыню за чатыры гады Менск наведаў міністр абароны Літвы. Адметна, што візіт адбыўся ўсяго праз пару дзён пасля таго, як Аляксандр Лукашэнка разважаў пра магчымасці расейскай інтэрвенцыі нашай краіны.

{movie}Новыя саюзнікі? |right|16100{/movie}

Міністр абароны Літвы Юозас Олякас а 7:00 правёў перамовы з беларускім калегам Юрыем Жадобіным. Пра галоўную тэму сустрэчы яскрава сведчыць маршрут, якім спадар Олякас накіроўваўся ў Менск. Візіту ў Беларусь папярэднічалі перамовы ў Кіеве ды Ереване.

МАРУС ЛАЎРЫНАВІЧУС, ПАЛІТОЛАГ, ЛІТВА:
“Супраца паміж Літвою як чальцом НАТО і Беларуссю адбываецца нават цяпер. Розныя формы, вядома, гэта не вучэнні, але супраца ніколі не спынялася і цяпер ідзе”.

Аднак сустрэчаў на міністэрскім узроўні не было з 2010-га года. Сёння абодва міністры абароны, у тым ліку і Юрый Жадобін, выказаліся за захаванне тэрытарыяльнае цэласнасці Украіны, гаворыцца ў адпаведных заявах ведамстаў. Іншы аспект візіту Олякаса ў Беларусь – інфармаванне пра размяшчэнне амерыканскіх вайскоўцаў у Літве. Агулам у краіны Балтыі ЗША накіруюць 600 вайскоўцаў, якія атрымаюць доўгатэрміновую прапіску. Дня вываду кантынгенту нават не абмяркоўваюць.

МАРУС ЛАЎРЫНАВІЧУС, ПАЛІТОЛАГ, ЛІТВА:
“Прысутнасць амерыканскіх войскаў у Літве абмяркоўвалася на гэтай сустрэчы. Літва гэта хоча зрабіць празрыста ды ніякіх сакрэтаў з гэтага не робіць, і мы разумеем, што Беларусь зацікаўленая ў інфармацыі пра гэтую новую з’яву”.

На мінулым тыдні з ініцыятывы польскага боку адбылася тэлефонная размова паміж прэм’ерам Польшчы ды кіраўніком Беларусі – размаўлялі пра Украіну. У штогадовым пасланні Лукашэнка нават дазволіў сабе перакласці крымскі сцэнар на Беларусь.

АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКА, ПРЭЗІДЭНТ БЕЛАРУСІ
“Нас пужаюць, заўтра тут Пуцін прыйдзе захопіць. Адкуль хто б ні прыйшоў, мы будзем за сваю краіну ваяваць. Калі сюды прйдзе Пуцін, то невядома, на чыім баку будуць ваяваць расейцы”.

З іншага боку, казаць пра новы ўзровень дыялогу з Еўропаю, паводле экспертаў, пакуль не выпадае. На саміт “Усходняга партнерства” ў Прагу, які распачаў працу сёння, замест Макея накіравалася ягоная намесніца Алена Купчына.

АЛЯКСЕЙ КАРОЛЬ, РЭДАКТАР ГАЗЕТЫ «НОВЫ ЧАС»:
“З аднаго боку, нягучнаасвечаны візіт міністра абароны, з другога – сігнал на адмову ў сустрэчы з прадстаўнікамі заходніх краінаў. Гэта танец, 2 крокі налева, 2 крокі направа, гэта танец лавіравання паміж полюсамі сілы”.

Колькі прапрацуе старая схема ў новых варунках, эксперты прагназаваць не бяруцца. Але падкрэсліваюць, што адной антымаскоўскай рыторыкі будзе замала, каб перадухіліць імаверныя пагрозы з Усходу.

Аркадзь Несцярэнка, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў