«Троіца» адсвяткавала 15 гадоў


15 гадоў «Троіцы» – дзецішчу Івана Кірчука, без якога рэчаіснасць беларускае музыкі ўявіць цяжка. За гэты час гурт запісаў шэсць кружэлак, сабраў сотні перапоўненых залаў і давёў тысячам меламанаў, што акарына, гуслі ды ліра могуць гучаць сучасна і з драйвам.

Сваё 15-годдзе этна-трыо «Троіца» адзначыла ў філармоніі. Апошнім часам музыкі ўпадабалі гэтую залу, якая вельмі пасуе да іх канцэртаў акустыкаю і агульнаю атмасфераю.

{movie}undefined|right|undefined{/movie}

Праўда, сама дата – досыць умоўная. Першы склад «Троіцы» сабраўся амаль 20 гадоў таму, а сам Іван Кірчук займаецца інтэрпрэтацыяй беларускіх народных песень яшчэ даўжэй.

ІВАН КІРЧУК, ЭТНА-ТРЫО «ТРОІЦА»:
«Троіцы», менавіта як з’яве, у наступным годзе будзе дваццаць, яна пачала сваю дзейнасць у 1995 годзе, а новы склад пачаў працаваць з 1999 года. Этнічнай музыкаю я займаюся 33 гады».

На канцэрце «Троіца» засяродзілася ў асноўным на песнях з свайго апошняга альбому «Зімачка», над якім працавала разам з польскім гукарэжысёрам, намінантам на «Ґрэмі» Томашам Раґулам. Прагучалі і новыя песні, якія музыкі хацелі б таксама запісаць і давесці да ладу за мяжою.

ІВАН КІРЧУК, ЭТНА-ТРЫО «ТРОІЦА»:
«Матэрыял для кампакт-дыску мы набралі. Цяпер трэба шукаць сродкі, бо хочацца зрабіць запіс, не горшы за «Зімачку».

Улетку, як зазвычай, этна-трыо «Троіца» збіраецца павандраваць па свеце з выступамі. Адзін з іх адбудзецца пры канцы ліпеня ў англійскім Брыстале на фэсце «Womad», які быў занесены ў Кнігу рэкордаў Ґінэса як самы буйны этна-фестываль у свеце.

Іншыя навіны: на менскай плошчы Якуба Коласа выставілі працы сучасных беларускіх мастакоў. У Гомлі прайшоў фестываль для аматараў анімэ. У пракат выйшаў новы фільм пра Спайдэрмэна і стужка «Пад маскаю жыгала» з Ўудзі Аленам у галоўнай ролі.

Сяргей Будкін, Марына Вашкевіч

Стужка навінаў