«Затрыманы ўва Украіне беларус меў акуляры са схаванаю відэакамераю»


Затрыманых ва Украіне дваіх грамадзянаў Беларусі з журналісцкімі пасведчаннямі, у тым ліку Сцяпана Чырыча, які здымаў сюжэт для расейскага тэлеканалу НТВ, падазраюць у шпіянажы.

Пра гэта паведамляе Украінскае незалежнае інфармацыйнае агенцтва навінаў (УНІАН) са спасылкаю на намесніка кіраўніка апарату Днепрапятроўскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі Генадзя Корбана.

Як паведамляе сайт НТВ, Чырыч працуе прадзюсарам у расейскай Першай прадзюсарскай кампаніі (ППК), якая робіць для НТВ праграму «Цэнтральнае тэлебачанне з Вадзімам Такмянёвым». Паводле сайту тэлеканалу, 22 красавіка Чырыч на заданне рэдакцыі выехаў у горад Першатравенск Днепрапятроўскай вобласці, дзе меў зняць сюжэт пра візіт ува Украіну пратэстанцкага святара Боба Ларсана падчас ягонага сусветнага турнэ. Зранку 23 красавіка журналіст перастаў выходзіць на сувязь.

Са словаў Корбана, беларусаў затрымалі непадалёк Краснаармейску. У іх знайшлі журналісцкія пасведчанні, тэхніку для фота- і відэаздымкі ды флэш-карты, «на якіх былі сфатаграфаваныя ўваходы і выхады, платы розных адміністрацыйных будынкаў», у тым ліку «будынкаў міліцыі ды мясцовых саветаў у некаторых паселішчах Днепрапятроўскай і Данецкай вобласцяў».

{movie}Арышт журналістаў|right|16087{/movie}

Корбан падкрэсліў, што затрыманых даставілі ва ўпраўленне СБУ Днепрапятроўску, вядзецца расследаванне. Паводле УНІАН, у гутарцы з работнікамі ўкраінскіх спецслужбаў Чырыч заявіў, што прыехаў ва Украіну, каб падрыхтаваць сюжэт пра экзарцызм і працу царквы, а адмысловыя сродкі ды камеру ў акулярах патлумачыў магчымасцю забароны здымкаў. Другі затрыманы распавёў, што Чырыч папрасіў яго дапамагчы здымаць працу пратэстанцкага святара Боба Ларсана за 400 грыўняў на содні.

У сваю чаргу камандзір спецыяльнага батальёну «Днепр» Юрый Бяроза паведаміў, што на зробленых журналістамі фотаздымках замест царквы або падзеяў у ёй былі пастарункі міліцыі, мясцовыя адміністрацыйныя будынкі ды вайсковыя аб’екты на ўсходняй мяжы Днепрапятроўскай вобласці, у прыватнасці, пункту СПА.

АК, ЮВ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў