Дзяржава будзе загадваць, якімі кофтачкамі гандляваць на рынку. Новая ідэя Пракаповіча


Беларускіх індывідуальных прадпрымальнікаў, якія працуюць на рынку, плануюць абавязаць мець айчынныя аналагі той імпартнай прадукцыі, якою яны гандлююць. Пра гэта паведаміў віцэ-прэм’ер Пётр Пракаповіч – Міністэрства гандлю распрацоўвае адпаведныя асартыментныя спісы, якія будуць дзеяць на рынку.

Гэта робіцца, каб у спажыўца быў выбар, «гэта значыць, калі ёсць імпартны тавар, мусіць быць і айчынны», – патлумачыў віцэ-прэм’ер.

Паводле Анатоля Шумчанкі, старшыні арганізацыі прадпрымальнікаў «Перспектыва», увядзенне абавязковага продажу беларускіх тавараў для індывідуальных прадпрымальнікаў на рынках стане чарговым ударам для іх.

«Такое рашэнне прывядзе да павелічэння расходаў прадпрымальнікаў. Абавяжуць вешаць на гандлёвых месцах беларускія кофтачкі, яны будуць асобна вісець у якасці нагляднага ўзору, што яны ёсць. Але гандляваць будуць тым, што прадаецца. Улады імкнуцца да выніку, а яго не будзе. Не трэба спрабаваць навязваць прадпрымальнікам усё адміністратыўнымі метадамі. Трэба ствараць умовы, пры якіх было б выгадна прадаваць беларускі тавар, і стымуляваць прадпрыемствы вырабляць добры якасны тавар», – лічыць Шумчанка.

«Мы хочам нагадаць спадару Пракаповічу, што «Перспектыва» яшчэ некалькі гадоў таму зрабіла адпаведную прапанову. Разумеючы, што склады забітыя айчынным таварам, што трэба ўздымаць прамысловасць, мы прапанавалі захады эканамічнага стымулявання ў выглядзе ўсталявання для прадпрымальнікаў, якія гандлююць толькі айчынным таварам, падатку ў памеры адной базавай велічыні. Гэтая прапанова застаецца ў сіле, і сёння мы ад яе не адмаўляемся», – сказаў Шумчанка.

На ягоную думку, такі крок дазволіў бы самім ІП стымуляваць вытворцаў вырабляць канкурэнтаздольную прадукцыю. «Няма такога тавару, які немагчыма прадаць, але ўсё ўпіраецца ва ўмовы. Калі б прадпрымальнікам скарацілі выдаткі, то яны б рэалізоўвалі і беларускі тавар», – лічыць кіраўнік аб’яднання.

МЛ, паводле БелаПАН

Глядзі таксама
Каментары