Як стаць мільянерам?


У Беларусі жыве каля 20 000 доларавых мільянераў – заяўляюць эксперты. Паводле ацэнак адмыслоўцаў, гэты лік яшчэ пару гадоў таму быў у два разы меншы. На чым павялічваюць капітал айчынныя багацеі? І чаму пра беларускіх, у адрозненне ад мільянераў з іншых краінаў, нічога не чуваць?

У спісы “Форбс” беларусы не трапляюць і афіцыйна ўласных капіталаў, так бы мовіць, не “свецяць”. Міністэрства падаткаў і збораў не называе нават сумаў, з якіх плацяць найбуйнейшыя падаткі. Ды ў амерыканскую мару самі беларусы не вельмі вераць.

{movie}Як стаць мільянерам? (23.04.14) |right|16070{/movie}

АПЫТАННЕ, МЕНСК:
“Размаўляеш з людзьмі, якія спрабуюць займацца бізнесам, і яны кажуць, што з кожным годам справы ідуць горш. Вельмі жорсткі кантроль”.
“Я працую ў бізнесе і мільянерам не імкнуся быць, лічу што стаць мільянерам у нас немагчыма”.
“У нас дзяржаўны сектар эканоміцы вельмі вялікі, адкуль мільянеры?”

Паводле кіраўніка менскага “А-клубу” Аляксея Мацукіна, у нас жыве каля 20 000 доларавых мільянераў, ці 0,2 % насельніцтва. Яшчэ шэсць гадоў таму колькасць беларускіх доларавых мільянераў ацэньвалі на 10 000 асобаў. Мацукін кажа, што апошнія гады былі асабліва паспяховыя для росту капіталу.

АЛЯКСЕЙ МАЦУКІН, КІРАЎНІК МЕНСКАГА «А-КЛУБУ» ЗАТ «АЛЬФА-БАНК»:
“Быў перыяд ўпэўненага росту капіталу, пры якім нават кансерватыўныя спосабы інвеставання мелі досыць высокую паводле сусветных мерак прыбытковасць”.

Адметна, што большасці беларусаў гэтыя гады запомніліся дзвюма дэвальвацыямі. Аднак некаторыя здолелі скарыстацца крызісам для памнажэння капіталу – сярод іншага, праз гульню на дэпазітах і розніцу ў коштах на нерухомасць.

ЛЕЎ МАРГОЛІН, БЫЛЫ БІЗНЕСОВЕЦ:
“Вядома, гэта ўдаецца вузкаму колу людзей, але ўсё ж такія людзі ёсць, і я думаю, што ў нашай краіне разумных і таленавітых людзей ніяк не менш, чым у іншых краінах”.

У спіс самых паспяховых бізнесоўцаў уваходзяць Юрый Чыж, Віталь Арбузаў, Аляксандр Машэнскі – усе яны сябруюць з Аляксандрам Лукашэнкам. Без шчыльных сувязяў з уладамі зрабіць вялікіх грошай у Беларусі нельга, кажа Андрэй Клімаў, які праз крытыку прэзідэнта ў 1990-я страціў свой бізнес і пайшоў у турму.

АНДРЭЙ КЛІМАЎ, БЫЛЫ БІЗНЕСОВЕЦ:
“У Беларусі можна зарабіць і мільён, і два, і мільярд – чаму не? Самае простае – можна плітку пакласці для гораду, а яшчэ можна зрабіць валідатары, якія ў Кітаі каштуюць 2 долары, а прадаць іх можна гораду за 700”.

У неафіцыйны спіс самых багатых людзей уваходзіць і кіраўнік краіны Аляксандр Лукашэнка. Прынамсі паводле сайту “Ўікілікс”, амерыканскія дыпламаты яшчэ некалькі гадоў таму ацэньвалі ягоны капітал на 9 мільярдаў долараў. Што праўда, ён усе гэтыя звесткі абвяргае.

Аркадзь Несцярэнка, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў