«Калі сюды прыйдзе Расея, будзе вайна»


Сцэнар анексіі Крыму з непакоем прымяраюць на сябе і ў краінах Балтыі, якія маюць вялікую расейскую дыяспару. Улады Латвіі і Эстоніі занепакоеныя тым, што Масква скарыстала абарону правоў расейскамоўных як нагоду для ваеннай агрэсіі. Але, як высветлілі нашыя карэспандэнты, жыхары гэтых краінаў, незалежна ад нацыянальнасці ды мовы, не жадаюць умяшання Расеі ў іхныя справы.

{movie}«Калі сюды прыйдзе Расея, будзе вайна» (23.04.14) |right|16067{/movie}

Латгалія – самая ўсходняя правінцыя Латвіі, добра знаёмая многім беларусам, што ездзяць сюды па справах або наведаць сваякоў. У найбуйнейшым горадзе краю Даўгаўпілсе часам можна абысціся і без ведання латышскай мовы – большасць жыхароў этнічныя расейцы і беларусы. Шмат хто хацеў бы і афіцыйна карыстацца расейскай моваю.

ЖЫХАРЫ ДАЎГАЎПІЛСУ:
“Я сама расяянка, таму, вядома, я хачу, каб была другая мова расейская, дзяржаўная”.
“Я сам з Беларусі, таму для мяне расейцы ў Латвіі – тое самае, што і мы”.

Аднак жыхары Даўгаўпілсу катэгарычна супраць магчымай абароны з боку “зялёных чалавечкаў” ці яшчэ якой маскоўскай ініцыятывы.

ЖЫХАРЫ ДАЎГАЎПІЛСУ:
“Гэта было б занадта, калі б яшчэ і Расея сюды ўмяшалася”.
“Умяшання ніякага не мусіць быць. Іначай будзе вайна”.

Далучэння да Расеі расейскамоўныя латвійскія грамадзяне таксама не хочуць. Мітынгі пад лозунгам “Латгалія – расейская зямля” адбываюцца ў Маскве, а не ў Даўгаўпілсе. Як заявіла прэм’ер-міністр Латвіі Лаймдота Страўюма, чуткі аб “асобным статусе” Латгаліі, што з’явіліся пасля захопу Расеяй Крыму, крыўдзяць кіраўнікоў латгальскага самакіравання, дый увогуле ідуць ад незычліўцаў звонку.

ЯНІС ДУКШЫНСКІС, ВІЦЭ-МЭР ДАЎГАЎПІЛСУ:
“Радыкальныя сілы ў кожнай дзяржаве ёсць, і гэтыя радыкальныя сілы, калі такія канфлікты адбываюцца, яны, вядома, абвастраюць. Тым больш, у нас выбары наперадзе, Еўрапарламенту і мясцовага парламенту. Таму некаторыя палітычныя сілы такія сітуацыю выкарыстоўваюць”.

Але апошнім часам Масква пазбавілася ў краінах Балтыі даволі моцнага інструменту ўплыву – тэлеэфіру. У Літве і Латвіі трансляцыю адразу некалькіх крамлёўскіх тэлеканалаў забаранілі на тры месяцы – за распальванне варожасці ды прапаганду вайны ў праграмах, што асвятлялі падзеі ва Украіне. Да забароны расейскіх тэлеканалаў цяпер рыхтуецца Эстонія. У адказ на расейска-ўкраінскі канфлікт грамадскія дзеячы і актывісты – этнічна не эстонцы – выступілі супраць сепаратысцкіх настрояў ды ўмяшання трэціх краінаў у эстонскую ўнутраную палітыку. Петыцыю пад назваю “Мемарандум 14-ці” падпісалі ўжо каля 800 чалавек.

АЛЕНА КАЦУБА, АЎТАРКА ПЕТЫЦЫІ:
“Тэарэтычна існуе магчымасць паўтарэння крымскага сцэнару і ў Эстоніі, і ў любой з краінаў Балтыі, як сказаў амерыканскі амбасадар – у любой краіне, дзе існуе нейкая расейская дыяспара”.

Праблемы з расейскамоўным насельніцтвам, вядома, ёсць.

ІГАР КАЛАКАЎСКАС, НАСТАЎНІК:
“Гэта і праблема адукацыі на роднай мове, гэта і вялікая колькасць асобаў без грамадзянства, я маю на ўвазе не тых, хто ўзяў расейскае грамадзянства, а тых, хто аказаўся без якога б ні было грамадзянства. Гэта вельмі вялікая праблема, але той момант, калі Расея магла дапамагчы нам гэтую праблему вырашыць, даўно прапушчаны”.

А цяпер і рэпутацыя Расеі як абаронцы сапсавалася.

Марцін Ярскі, Настасся Яўмен, “Аб’ектыў”
https://youtu.be/5mGxxPL0x8Y

Глядзі таксама
Каментары