100 гадоў беларускага авангарду – на адной пляцоўцы


Сто гадоў беларускага авангарду – на адной пляцоўцы. Музей сучаснага выяўленчага мастацтва запрашае на другую частку выставы, прымеркаванай да Чэмпіянату Свету па хакеі, на экспазіцыю творцаў – авангардыстаў і нон-канфармістаў.

Экстравагантныя персанажы чакалі наведнікаў ужо пры ўваходзе ў музей. Унутры ж прастора напоўнілася джазаваю музыкаю, авангардную атмасферу падагравалі і мімы. Аднак, вядома, перш за ўсё ўвагу наведнікаў прыцягвала выяўленчае мастацтва. Куратары імкнуцца правесці гледача праз падзеі нашага жывапісу ў мінулым стагоддзі і даць шанец іх зразумець.

{movie}Аглядаў падзеяў культуры|right|16064{/movie}

АЛЯКСАНДР ЗІНЕНКА СУАРГАНІЗАТАР ВЫСТАВЫ
«Калі раней мастацтва мела сакральны складнік, калі чалавек захапляўся працамі і думаў, што ён так не можа, то цяпер адна з самых страшных адметнасцяў – калі чалавек думае: «Я таксама так магу». Насамрэч адыход ад таго, што падаецца, што можна так зрабіць – гэта сур’ёзная праблема для мастака. Ім даводзіцца канкураваць за ўвагу наведнікаў не толькі з сваімі сучаснікамі, але і з 50 стагоддзямі выяўленчага мастацтва».

Шмат што з сабранага ў Музеі выстаўляецца ўпершыню. Зрэшты, большую частку карцін можна сузіраць дзякуючы прыватным калекцыянерам, якія пазычылі працы.

АЛЯКСАНДР ЗІНЕНКА СУАРГАНІЗАТАР ВЫСТАВЫ
«Вельмі шмат нашых аўтараў з розных прычынаў працуюць за мяжою. Для грамадства грае пэўную ролю тое, што, у адрозненне ад пачатку і сярэдзіны ХХ ст., калі мастакі былі ўладарамі думак, сёння сярэднестатыстычны беларус проста не ведае аўтараў і нават не імкнецца пра іх дазнацца, бо застаецца па-за інфармацыйным патокам».

Дапоўніць свае веды пра сучаснае мастацтва і проста атрымаць візуальную асалоду можна да 10 чэрвеня.

Іншыя навіны: «:B:N:», «Гаротніца», «Дай дарогу!» і «Мутнае вока» выступілі ў гадавіну смерці Курта Кабэйна. У Горадні прэзентавалі паштоўкі з выявамі старажытных будынкаў. У Нью-Ёрку працуе экспазіцыя кітайскага дысідэнта Ай Ўэй Ўэя.

Марына Вашкевіч

Стужка навінаў