Расейскіх блогераў змусяць падпарадкоўвацца закону аб медыях


Паводле новага заканадаўства, блогер, якога чытаюць не менш за 3 тыс. асобаў на дзень, прыраўноўваецца да распаўсюдніка масавай інфармацыі.

У новым законе папулярныя блогеры павінны будуць правяраць праўдзівасць інфармацыі, не распаўсюджваць інфармацыі аб прыватным жыцці грамадзянаў, выконваць забароны і абмежаванні выбарчага заканадаўства і змяшчаць у сваіх пастах звесткі пра ўзроставыя абмежаванні.

Расейскія праваахоўныя органы неаднаразова заводзілі крымінальныя справы на блогераў. У 2011 годзе на старонцы «Моладзевай праваабарончай групы», якую ўзначальваў блогер Максім Ефімаў, з’явіўся артыкул «Карэлія стамілася ад папоў» з крытыкаю Расейскай праваслаўнай царквы. Праз некалькі месяцаў на блогера завялі крымінальную справу «Прапаганда нянавісці ды прыніжэнне чалавечай годнасці». Суд пастанавіў змясціць блогера ў псіхіятрычны шпіталь. Аднак адвакаты дабіліся адмены гэтага рашэння. Пазней Ефімаў з’ехаў з Расеі. Цяпер ён у мясцовым вышуку.

У 2012 годзе блогер з Саратава Аляксандр Стрыгін атрымаў штраф 500 рублёў (каля $ 20) за размяшчэнне фотаздымкаў нямецкіх нацыстаў з подпісам «МУС РФ».

Аляксандр Жараў, кіраўнік расейскай федэральнай службы ў галіне сувязі (Роскомнадзор), цалкам падтрымлівае заканадаўчую навелу. «Блогер павінен несці адказнасць за інфармацыю, якую ён распаўсюджвае», – цытуе словы чыноўніка ria.ru.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў