Савецкі флэшмоб у Горадні і 9-метровая кружэлка


Моладзь у Горадні адзначае 70-годдзе савецкай фірмы «Мелодия», якая аб’яднала студыі гуказапісу.

На вуліцы Савецкай з экалагічнага матэрыялу – апоннай крошкі – выклалі кружэлку дыяметрам 9 метраў. На ёй гурт «17 секунд» і выконваў савецкія гіты «Музыка нас звязала», «У нашым доме пасяліўся цудоўны сусед», «Бухгалтар», «На цеплаходзе музыка грае». Фірма, як вядома, выпускала не толькі савецкую музыку, а і альбомы сусветных зорак року і джазу.

{movie}Савецкі флэшмоб у Горадні|right|16058{/movie}

«Сёння выйшла першая кружэлка заводу «Мелодия». Мы зрабілі з апоннай крошкі кружэлку. Матэрыял мае пэўны сімвалізм. Як крошка атрымала новае жыццё, гэтак і старыя гіты з гэтай кружэлкі – не забытыя. Думаю, сёння савецкага ў беларускім грамадстве 50 на 50, але я мяркую, што трэба адыходзіць ад савецкага. Мы ж ладзілі гэтую акцыю, каб паказаць, што ёсць крэатыўная моладзь у горадзе», – растлумачыў кіраўнік праекту «Жывая гісторыя» Сяргей Іваноў.

Праект студэнтаў гарадзенскага ўніверсітэту імя Янкі Купалы «Жывая гісторыя» накіраваны на папулярызацыю культурна-гістарычнай спадчыны і развіццё турыстычнага патэнцыялу Гарадзеншчыны. Праект падтрымлівае Гарадзенскі аблвыканкам. Гэта ўжо чарговая акцыя «Жывой гісторыі». Гарадзенцам запомніліся і папярэднія, калі Элвіс Прэслі ды іншыя замежныя зоркі спявалі ў грамадскім транспарце за прабітыя квіткі ці калі глуханямыя дзеці разам з балетам Яўгена Якуша выканалі вядомую песню брытанскага рок-гурта «Queen» «We are the champions».

Настасся Фрода, belsat.eu

Стужка навінаў