За 4 кватэры атрымаў 5 гадоў турмы


https://youtu.be/DNROI77qd_k
Фінал справы Віктара Піліпца. Магілёўскі абласны суд пастанавіў прысудзіць былому старшыні Гомельскага гарвыканкаму 5 гадоў зняволення з канфіскацыяй маёмасці. Такі ж самы вырак атрымаў яшчэ адзін фігурант справы, тры – вызваленыя ў зале суда. Ці перамагла справядлівасць?

Збіраўся набыць сабе за бясцэнак чатыры кватэры. А атрымаў пяць гадоў турмы. Былога старшыню Гомельскага выканкаму Віктара Піліпца прызналі вінаватым у махінацыях з жытлом. Паводле заніжаных коштаў былы чыноўнік размеркаваў паміж сваймі сваякамі і знаёмымі 27 кватэраў. Гэтае жыллё будавалі для тых, хто гадамі стаіць у чарзе. Але і цяпер для людзей чарга не наблізілася, праўда, дзяржава свой інтарэс абараніла.

ДЗЯНІС КІЧЫГІН, МАГІЛЁЎСКАЯ ПРАКУРАТУРА:
“Кватэры перададзены, ці, дакладней, перадаюцца гораду Гомлю. Частку кватэраў ужо перадалі. Яны зарэгістраваныя на падставе гаспадарчай адказнасці за УКБ і правам уласнасці за горадам Гомлем”.

У сваю чаргу абаронцы асуджаных чыноўнікаў маюць намер абскарджваць вырак абласнога суда. Сваёй віны Піліпец, як і іншыя былыя працаўнікі гарвыканкаму, гэтак і не прызнаў.

АЛА НІЗКОЎСКАЯ, ЭКС-КІРАЎНІЦА ПЛАНАВА-ДАМОЎНАГА АДДЗЕЛУ ГОМЕЛЬСКАГА ГАРВЫКАНКАМУ:
“22 месяцы ды 11 дзён я была за кратамі, і вось сёння пяты раз змянялася абвінавачванне. Атрымліваецца, што быў бы чалавек, а артыкул знойдзецца?”.

Праўда, гэтую чыноўніцу, разам з яшчэ двума ейнымі былымі калегамі, у зале суда вызвалілі, бо яны трапілі пад амністыю. Праўда, як мяркуюць адвакаты, былому мэру Гомля на такое вызваленне спадзявацца не выпадае.

Сёння ж кіраўнік краіны ў сваім пасланні традыцыйна нагадаў пра барацьбу з карупцыяй.

АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКА, КІРАЎНІК БЕЛАРУСІ:
“Адносна карупцыянераў мы даўным-даўно вызначыліся: іхнае месца – у турме”.

І да праблемы карупцыі кіраўнік краіны больш у сваім чатырохгадзінным пасланні не вяртаўся.

Віктар Карнеенка, які ў пачатку 1990-х быў дэмакратычна абраным намеснікам мэра паўмільённага Гомля і мусіў сысці з пасады ў выніку ўсталявання Лукашэнкам гэтак званай “вертыкалі”, мяркуе, што карупцыя – неад’емны спадарожнік гэтае сістэмы.

ВІКТАР КАРНЕЕНКА, БЫЛЫ НАМЕСНІК СТАРШЫНІ ГОМЕЛЬСКАГА ГАРСАВЕТУ:
“Не праходзіць і года, каб не было гучных скандалаў. І увесь час тлумачыцца, што нейкія асобныя чыноўнікі. Але ж 20 гадоў ужо шукаем вінаватых. Мне здаецца, што за гэты тэрмін стала відавочна, хто ж галоўны віноўнік, дый аўтар карупцыйнай сістэмы, створанай у краіне”.

А Аляксандр Лукашэнка 20 гадоў таму пазіцыянаваў сябе барацьбітом з карупцыяй, дзякуючы чаму і стаў першым прэзідэнтам краіны. Але ці выканаў абяцанні? Эксперты падкрэсліваюць, што развязаць ці змінімалізаваць гэтую праблему магчыма. Досвед іншых краінаў дае адказ на гэтае пытанне.

ВІКТАР КАРНЕЕНКА, БЫЛЫ НАМЕСНІК СТАРШЫНІ ГОМЕЛЬСКАГА ГАРСАВЕТУ:
“Толькі праз дэмакратыю, праз кантроль улады, праз выбары народам. І выбары не мусяць быць нейкім шоу, а сапраўдным механізмам змены ўлады. Калі гэтага няма, то колькі ні пасадзі кантралёраў, над імі яшчэ трэба садзіць іншых кантралёраў. І гэта заўсёды неэфектыўная сістэма”.

І на практыцы бачым, што колькасць карупцыйных справаў не змяншаецца. Больш за тое, памеры хабару, маштабы злачынстваў, наадварот, растуць. У міліцэйскіх зводках фігуруюць справы, дзе чыноўнікі патрабуюць хабар памерам ажно паўмільёна долараў.

Сяргей Скулавец, “Аб’ектыў”

Глядзі таксама
Каментары