«Залатая» прыбіральня


Новыя гатэлі, рэстараны, пляцоўкі адпачынку. Дзясяткі мільёнаў долараў дзеля таго, каб палепшыць імідж беларускай сталіцы ды прыняць тысячы гасцей чэмпіянату свету па хакеі. Аднак ці ўсе выдаткі дзяржавы дастаткова асэнсаваныя? “Аб’ектыў” пастанавіў прыгледзецца да некаторых сталічных аб’ектаў.

Доўгіх пяць гадоў цягнуўся рамонт прыбіральні на вуліцы Леніна ў Менску. Увесь гэты час давялося пакутаваць суседняму “МакДоналдсу” і прылеглым дворыкам. Да сёння тут не сціхаюць галасы абурэння.

МЯСЦОВАЯ ЖЫХАРКА:
“Пакуль рамантавалі, вось паглядзіце, усё вытапталі і загадзілі. Практычна не засталося дрэваў. А якія тут некалі былі кветкі… Усё знішчылі! Хто гэта адрамантуе?”

А галоўнае – за колькі. Аднак ужо сёння добра вядома тое, што працягвае літаральна шакаваць менчукоў. Колькі каштаваў рамонт прыбіральні на вуліцы Леніна? Br 2,5 млрд, інакш – больш за $ 200 тыс.

АПЫТАННЕ:
“Мама родная! Няўжо гэта праўда?!”.
“Прыбіральня за 200 тысяч долараў?! Яно што, залатая?!”.
“Калі там усталяваныя класныя тэлевізары, шыкоўнае асвятленне і чалавек, які адчыняе дзверы, – тады так!”.

Ці варта спадзявацца такіх выгодаў? Пра гэта мы пастанавілі даведацца ў рамонтным унітарным прадпрыемстве “МАФ”, адказным за менскія прыбіральні. Наяўнасць высокіх коштаў там патлумачылі наступным чынам.

ВІТАЛЬ СУЛЬЖЫЦКІ, ДЫРЭКТАР УНІТАРНАГА ПРАДПРЫЕМСТВА «МАФ»:
“Чаму дорага? Дом стары. Будынак пасляваенны. Трэба было ўмацаваць нясучыя сцены ды фундаменты. Усё гэта знасілася. Атак нічога там такога супер няма. Дабротнае, але нічога залатога там няма”.

І сапраўды – зусім звычайная прыбіральня. Усе з гэтым згодныя. Навошта такая дарагая? Меркаванні самых патэнцыйных кліентаў падзяліліся.

АПЫТАННЕ:
“Я мяркую, што гэта нейкая карупцыя”.
“Я мяркую, што гэта хакеістам”.

Не выключана, што адказ – у самую дзясятку. Паводле планаў менскага гарвыканкаму, яшчэ задоўга да чэмпіянату свету па хакеі неабходна было распрацаваць схему развіцця цэлай сеткі гарадскіх прыбіральняў. Колькі гэта можа каштаваць паводле такога, як на вуліцы Леніна, сцэнара? Застаецца толькі здагадвацца.

Ян Бабіцкі, “Аб’ектыў”

https://youtu.be/FucTXpNObuo

Глядзі таксама
Каментары