Тэатр аднаго актора


У Авальнай зале Дому ўраду кіраўнік Беларусі выступіў са штогадовым пасланнем да беларускага народу і Нацыянальнага сходу. Гэтым разам свой зварот Аляксандр Лукашэнка пачаў не з традыцыйнага апавядання пра тое, як добра жыць у Беларусі, а наадварот, са сваіх страхаў і асцярог.

Бурліць Украіна, ў поўны гістрарычны рост спрабуе ўстаць Расея. Пачынаецца новая эпоха, і чым яна скончыцца, не ведае ніхто. Галоўная я ж наша мэта захаваць незалежнасць краіны. З такіх тэзісаў пачаў сваю прамову Аляксандр Лукашэнка.

{movie}Тэатр аднаго актора |right|16033{/movie}

Выглядала на тое, што першую гадзіну свайго маналогу кіраўнік краіны спрабаваў супакоіць не то урад з народам, ні то самога сябе. Ён высмеяў размовы аб тым, што ў нас прыцясняюць расейскую мову і рускіх, намякаючы, што ў Беларусі крэмлёўскі сцэнар па “абароне” расейскамоўных не пройдзе.

Каб паказаць сваю эканамічную незалежнасць ад Расеі, Лукашэнка узгадаў пра шэраг партнёраў па усім свеце – ад Аўстраліі да Афрыкі. Таксама ён падкрэсліў, што мы усцяж гатовыя да супрацы з Амерыкай і Еўрапейскім звязам. Скончваючы пра міжнародную палітыку, Лукашэнка чарговы раз паўтарыўся пра немагчымасць ў Беларусі Майдану.

Аляксандр Лукашэнка: “Улада гатовая да паступовай, прадыктаванай жыццём рэвалюцыі, але я супраць разбурэння да падставы. Кожны, хто заклікае да бунту, – гэта перш за ўсё вораг нашага народа. Такі радыкалізм будзе падаўлены першапачаткова, мы не будзем даводзіць да правакацый”.

Кіраўнік краіны дадаў, што для таго, каб народ паўстаў, у краіне мусіць быць фінансавая нестабільнасць і разгул карупцыі, чаго ў Беларусі нібыта няма. У пацверджанне сваіх словаў Лукашэнка, згадаў некалькі прыкладаў арышту за карупцыю высокіх чыноўнікаў і і нагадаў, што як не як а заводы у нас працуюць.

Другая частка прамовы была цалкам прысвечаная ўнутраным пытанням. Каб неяк згладзіць падзенне экспарту замест запланаванага росту, Лукашэнка заявіў пра новы вектар развіцця эканомікі – працаваць на уласны рынак.

Насельніцтва кіраўнік краіны заклікаў не ездзіць на закупы у суседнія краіны і купляць айчынныя тавары. Асаблівую увагу Лукашэнка звярнуў на ежу, ды падкрэсліў, што трэба правільна харчавацца, а замежная ежа для нас як атрута, бо наш арганізм пад яе не прыстасаваны.

Не без увагі засталася тэма Чэмпіянату свету па хакеі. Лукашэнка заявіў, што не будзе замінаць замежным журналістам пісаць на розныя тэмы, і абмяжоўваць іх ў перасоўванні па краіне. У тым ліку нармальна ён успрыме і іх крытыку. Але мясцовыя улады да чэмпіянату мусяць зрабіць так, каб крытыкаваць было няма чаго, як у Менску так і ў рэгіёнах.

Не абышлося ў прамове і без традыцыйнага папулізму. Лукашэнка паабяцаў, што заробкі ў настаўнікаў, лекараў і чыноўнікаў будуць расці. Не без увагі застануцца і пенсіянеры, а таксама шматдзетныя сем’і. Што праўда, гэтыя абяцанні застаюцца абяцаннямі ўжо шмат гадоў. А разам з тым растуць і цэны на тавары і паслугі.

Алег Ражкоў, Белсат

Стужка навінаў