Уладзімір Някляеў: Замест пагрозаў лепш бы Лукашэнка правёў свабодныя выбары


Выступаючы з пасланнем да народу і парламенту, Лукашэнка папярэдзіў, што любы заклік да перавароту будзе жорстка знішчацца ў зародку: «Усялякі, хто заклікае да бунту, – гэта вораг не толькі ўлады, прэзідэнта, гэта ў першую чаргу вораг нашай краіны, нашага народу, гэта вораг адзінства нашага, а значыць, і незалежнасці Беларусі».

Някляеў, у сваю чаргу, зазначыў: «Рэвалюцыя ўзнікае або не ўзнікае незалежна ад любых пагрозаў. Калі ствараюцца ўнутраныя ўмовы для рэвалюцыі, яна не глядзіць ні на якія пагрозы». На думку палітыка, беларуская Плошча сутнасцю адрозніваецца ад украінскага Майдану. «Каб не было выступленняў на Плошчы, Лукашэнку дастаткова зрабіць простую рэч, пра якую ён сёння чамусьці не кажа: яму трэба правесці справядлівыя выбары. І тады не трэба нікога палохаць, не трэба будзе нікога баяцца», – дадаў Някляеў.

На думку намесніка лідара руху «За свабоду» Юрыя Губарэвіча, заява Лукашэнкі адрасаваная не толькі апазіцыі, але і актыўнай частцы грамадства: прадпрымальнікам, людзям бюджэтнай сферы, тым, хто незадаволены сваім жабрацкім становішчам у Беларусі.

Яшчэ адзін адрасат паслання, мяркуе Губарэвіч, – патэнцыяльна прарасейскія сілы: «Невыпадкова Лукашэнка на першым этапе свайго паслання прысвяціў увагу пытанням незалежнасці Беларусі. Думаю, быў ясны пасыл, што ён разглядае сябе адзіным гарантам незалежнасці, што ён зробіць усё магчымае, каб не паўтарыліся падзеі кшталту ўсходнеўкраінскіх. Таму ён загадзя папярэджвае магчымых «зялёных чалавечкаў», актывістаў прарасейскіх структураў, што стаўленне да іхных дзеянняў будзе жорсткае».

На думку палітолага Юрыя Чавусава, такімі выказваннямі за год да прэзідэнцкіх выбараў Лукашэнка спрабуе мабілізаваць сваіх выбарнікаў. Апрача таго, мяркуе палітолаг, такім чынам Лукашэнка даў зразумець, што будзе і далей кантраляваць сітуацыю ў краіне.

МЛ / Сяргей Каралевіч, БелаПАН

Стужка навінаў