Напружанне пасля страляніны


Сепаратысты з Украіны просяць у Пуціна дапамогі. І Крэмль заўважае сігналы сепаратыстаў. Гэта стала відавочна з каментавання сітуацыі міністрам замежных справаў Расеі. Паводле Сяргея Лаўрова, кіраўніцтва Крамля трапіла ў цяжкую сітуацыю. Сёння ж да зваротаў сепаратыстаў далучыўся і былы прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч.

Сепаратысты ва ўсходняй Украіне ізноў просяць Крэмль і асабіста ягонага кіраўніка пра дапамогу. Прычына – ва ўчорашняй страляніне на блокпасце ў Славянску. Нападнікамі нібыта былі актывісты “Правага сектару”.

{movie}Напружанне пасля страляніны (21.04.14) |right|16016{/movie}

ВЯЧАСЛАЎ ПАНАМАРОЎ, «НАРОДНЫ МЭР» СЛАВЯНСКУ:
“Звярнуцца да ўраду Расейскай Федэрацыі, асабіста да Уладзіміра Пуціна. Калі вы не можаце ўвесці міратворцаў, дапамажыце харчамі, дапамажыце зброяй, дапамажыце, чым можаце”.

Прычына, з якой Расея, прынамсі адкрыта, нават не адказвае на ягоныя просьбы, – магчыма, у тым, што гэтак званы народны мэр яшчэ з 2007 года абвешчаны ў Федэральны вышук за ўварванне ў кватэру. У Расеі яму пагражае да года турмы. Крэмль жа кажа, што стрымлівацца і не ўмешвацца ў сітуацыю ва Украіне становіцца ўсё цяжэй.

СЯРГЕЙ ЛАЎРОЎ, КІРАЎНІК МЗС РАСЕІ:
“Гэтае злачынства на руку толькі тым, хто хоча перакрэсліць выкананне Жэнеўскіх дамоўленасцяў. І ўсё ўказвае на тое, што кіеўскія ўлады не могуць, а можа і не хочуць кантраляваць экстрэмістаў”.

Адрэагаваў на падзеі ва Украіне і Віктар Януковіч. Зрынуты прэзідэнт выслаў расейскім медыям ліст з загадамі, звернутымі да новых украінскіх уладаў: “Патрабую неадкладна вывесці ўсе ўзброеныя сілы Украіны ў месцы сталай дыслакацыі, вывесці з усходу Украіны атрады гэтак званай Нацыянальнай гвардыі, пераапранутыя ў вайсковую форму, узброеныя аўтаматычнай зброяй ды гранатамі, а таксама неадкладна пачаць мірныя дыялог з лідарамі ўсходніх рэгіёнаў”.

Абяцанага шэрагам расейскіх медыяў велікоднага візіту Януковіча ва Украіну не адбылося. Затое сёння туды прыляцеў віцэ-прэзідэнт ЗША Джоў Байдэн з пакетам прапановаў наконт энергетычнай ды эканамічнай незалежнасці краіны. А назіральнікі ад АБСЕ сустрэліся з сепаратыстамі. Тэмаў для размоваў хапала.

МАРК ЭДЭРЫНГТАН, НАЗІРАЛЬНІК АБСЕ:
“Мы абмеркавалі Жэнеўскія дамоўленасці, размаўлялі пра затрыманне былога мэра Нэлі Штэпы, пра стаўленне да цыганскай меншасці ў Славянску і пра ўчорашні інцыдэнт са стралянінаю”.

Сваймі ўражаннямі ад сустрэчы назіральнікі абяцаюць падзяліцца бліжэйшым часам. Пакуль жа – заклікаюць бакі ўстрымацца ад канфрантацыяў. Праўда, мясцовыя сепаратысты да перамоваў зусім не імкнуцца.

ЖАЎНЕР «НАРОДНАГА РУШЭННЯ»:
“Мы не збіраемся хавацца, мы не збіраемся іх чакаць, мы прыйдзем самі да іх”.

Сёння ў Славянску прыхільнікі еднасці з Расеяй затрымалі траіх журналістаў, у тым ліку беларуса Дзмітрыя Галка. А пасля перадалі вайскоўцам.

ДЗМІТРЫЙ ГАЛКО, ГАЗЕТА «НОВЫ ЧАС»:
“Гэтая група выклікала машыну, нас утрох кінулі на задняе седала, адвезлі на нейкі блокпост, дзе былі вайскоўцы. Там, з усяго бачна: і паводле паставы, і паводле таго, як на іх адзетае абмундзіраванне, – гэта звычайныя вайскоўцы”.

А ў Крыме, дзе анексія ўжо замацаваная, усцяж неспакойна. На фоне падпісання Пуціным загаду аб рэабілітацыі татарскай меншасці, якая была ахвяраю сталінскіх рэпрэсіяў, з будынку татарскага меджлІсу невядомыя сарвалі ўкраінскі сцяг, збіўшы пры гэтым вахцёрку і бухгалтарку ўстановы. Самаабвешчаны кіраўнік Крыму Сяргей Аксёнаў мяркуе, што татары самі правакуюць міжнацыянальную варожасць.

Усевалад Шлыкаў, «Аб’ектыў»

https://youtu.be/y2EDvxhxFs0

Глядзі таксама
Каментары