У Горадні паказалі 200 велікодных яек і рэдкія абразы. Навіны культуры


Святочныя ўпрыгажэнні ды аздобленыя яйкі – не толькі на сталах, але і ў мастацкіх галерэях ды музеях. Гэтымі днямі шмат дзе адчыняюцца выставы, прысвечаныя Вялікадню. У Гарадзенскім музеі гісторыі рэлігіі паказалі, сярод іншага, дзве сотні святочных яек.

ГАЛІНА ХАМКО, СТАРЭЙШАЯ НАВУКОВАЯ СУПРАЦОЎНІЦА МУЗЕЮ:

«На нашай выставе мы расказваем пра побытавыя асаблівасці ў нашым звычайным свецкім жыцці. Перад Вялікаднем рыхтуецца святочны стол – і мы паказваем бабачнік. Традыцыя заходніх беларускіх зямель – выпяканне здобнага пірага з цеста. Традыцыя ўсходняя – тварожная пасха, і мы паказваем прыстасаванне для пасхі».

Арганізатары паклапаціліся, каб паказаць калі не ўсе, то шмат якія з побытавых аспектаў святкавання Вялікадня. Гэта і багата аздобленыя святочныя строі святароў, і старанна вышытае адзенне шараговых сялянаў. Ёсць даматканыя ручнікі і посуд, у якім у розныя часы гатавалі ды падавалі Велікодныя стравы, і ўжо забытыя кухонныя прылады – макацёры.А больш сучасных святочных зайцоў і рознакаляровыя яйкі будзе цікава пабачыць і маленькім наведнікам гарадзенскага Музею гісторыі рэлігіі.

Іншыя навіны: валанцёры расчысцілі занядбаныя могілкі пад Менскам. Вялікі тэатр оперы і балету атрымаў медаль «Пяці кантынентаў» ад UNESCO. У Брытаніі аднаўляюць унікальныя габелены з калекцыі Гэнры VIII.

Марына Вашкевіч, belsat.eu

Стужка навінаў