У ЗША праз Беларусь без дакументаў


Берасцейскія памежнікі затрымалі грамадзяніна Расеі, які нелегальна спрабаваў мінуць мяжу. У мужчыны не было дакументаў. Цяпер парушальніка змясцілі ў ізалятар Берасцейскай памежнай групы, праводзіцца разбіральніцтва.

Мужчына ў дзень затрымання прыехаў у Менск з Расеі, а затым накіраваўся ў Берасце.

Паводле прэс-цэнтру Дзяржпамежкамітэту, «расеец пацікавіўся ў мясцовых жыхароў, ці можна мінуць мяжу з вайсковым білетам. Атрымаўшы адмоўны адказ, ён вырашыў абысці закон і паспрабаваць нелегальна перайсці мяжу з Польшчаю».

Паводле мужчыны, ён накіроўваўся ў ЗША, дзе нібыта жыве ягоная сястра.

У мінулыя выходныя на беларускай мяжы затрымлівалі выхадцаў з Блізкага Усходу, Афрыкі ды Каўказу. Усе яны накіроўваліся ў Еўразвяз.

ДР, belsat.eu паводле belta.by

Стужка навінаў