Без дэнамінацыяў $ 1 каштаваў бы... Br 100 000 000


Новыя беларускія грошы ўжо надрукаваныя. Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што яны будуць прыгажэйшыя за еўры. Прыгажосць – прыгажосцю, але чаму спатрэбіліся новыя грошы? У гэтым спрабуюць разабрацца вядоўца праграмы «Размова Калінкінай» і госць у студыі – фінансавы аналітык «Alpari» Вадзім Іосуб.

{movie}Вадзім Іосуб у “Размове Калінкінай”|right|15999{/movie}

Паводле кіраўніка краіны, шараговыя беларусы просяць правесці дэнамінацыю. Нацыянальны банк таксама гэтага не адмаўляе. Каму трэба дэнамінацыя – людзям ці ўладзе? «Моцна гэтага не трэба ні тым, ні гэтым. Дэнамінацыя – гэта абсалютна тэхнічнае мерапрыемства, якое ў жыцці людзей у эканамічным плане абсалютна нічога не зменіць. Зменяцца цэннікі і купюры. Ні горш, ні лепш ад гэтага не стане», – гаворыць аналітык.

У Нацыянальным банку неаднаразова заяўлялі, што дэнамінацыю правядуць толькі пасля таго, як знізіцца ўзровень інфляцыі не менш за паказнік 10 %. Цяпер жа толькі за першы квартал гэты паказнік склаў 5 %. «Мы ўжо перажылі дзве дэнамінацыі. Цяпер ідуць размовы пра трэцюю. Гэта досыць дарагая працэдура, і яна ў пэўным сэнсе падрывае давер да эканомікі ды валюты, дэманструючы ўсім, што былі перыяды гіперінфляцыі. Рэгулярныя дэнамінацыі не ідуць на карысць краіны, – зазначае Вадзім Іосуб. – Мы ўжо «адкінулі» чатыры нулі. Таму калі цяпер долар каштуе Br 10 тыс, то без дэнамінацыі ён каштаваў бы Br 100 млн. Праўда, мы далёкія ад сусветных рэкордаў. У 1923 годзе ў Нямеччыне «адразалі» 12 нулёў. У Вугоршчыне ў 1946-м – «адрэзалі» 29 нулёў».

На думку эксперта, дэнамінацыя непазбежная. «І тады мы апынемся ў вельмі невялікім коле краінаў, што перажылі тры дэнамінацыі: Зімбабвэ, Бразілія і Балгарыя. Гэта сведчыць пра тое, што краіна перажывала гіперінфляцыю, а гэта ў сваю чаргу азначае, што эканоміка працуе неймаверна неэфектыўна», – падкрэсліў госць праграмы.

Глядзіце больш у «Размове Калінкінай».

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў