Марс можа стаць «агародам» у найбліжэйшыя 10 гадоў


Глеба Марсу можа быць прыдатная для вырошчвання сельгаскультураў. Да такой высновы прыйшоў галандскі эколаг Віхэр Вамэлінк (Wieger Wamelink) з Вахэнінгенскага ўніверсітэту.

У ходзе эксперыменту вучоны цягам 50 дзён назіраў за ростам 14 гатункаў раслінаў на глебе, якая імітуе марсіянскую. Адмыслоўцы з агенцтва NASA стварылі глебу, падобную да марсіянскай, на аснове вулканічнай пароды, здабытай на Гаваях.

{movie}Эксперымент вырошчвання раслінаў у штучнай глебе|right|15996{/movie}

Нягледзячы на сумневы вучонага, саджанцы добра прыжыліся, а некаторыя нават зацвілі. Аналіз грунту паказаў, што штучная глеба ўтрымлівае шмат пажыўных рэчываў: фосфар, аксіды жалеза і вельмі важны для развіцця раслінаў азот.

Апроч глебы, праблемаю можа стаць і нізкая гравітацыя, ва ўмовах якой цяжка пусціць ваду да каранёў. Таксама няясна, як забяспечыць штучныя гароды дастатковаю колькасцю электрычнасці. Хутчэй за ўсё расліны будуць вырошчваць у закрытых памяшканнях, абсталяваных святлодыёдавымі лямпамі. Развязанне гэтых пытанняў – наступны этап працы вучонага.

Навукоўца ўпэўнены, што поўная сістэма вырошчвання сельгаскультураў на Чырвонай планеце будзе распрацаваная цягам 10 гадоў.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў