Які лёс чакае Курапаты?


Які лёс чакае Курапаты? У пасёлку Лясны, што ў Менскім раёне, распачаліся грамадскія слуханні пра планы забудовы вакол урочышча. Найбольш эмоцыяў выклікала пабудова побач з масавымі пахаваннямі забаўляльнага комплексу “Бульбашъ Холл”. Частка ўдзельнікаў слуханняў ацэньвае іх як пазітыўны крок дзеля развязання праблемаў урочышча. Аднак хапае і такіх, хто лічыць гэта толькі звычайнаю фармальнасцю.

{movie}Вырашаецца лёс Курапатаў. У Лясным пачаліся грамадскія слуханні |right|15995{/movie}

“Бульбашъ Холл” на сваім месцы без якіх-кольвечы зменаў. Гэтак выглядае прэзентаваны праект дэталёвага планавання вакол Курапатаў. Менавіта гэтая дэталь выклікала найбольшае абурэнне ўдзельнікаў грамадскіх слуханняў у праблемах вакол урочышча.

ІГАР КУЗНЯЦОЎ, ГІСТОРЫК:
“Хто вылучыў гэты ўчастак – злачынца! Калі не ў юрыдычным, то ў маральным плане. Хто даў дазвол – таксама злачынца!”

Першы раз за ўсю гісторыю пабудовы забаўляльнага комплексу мясцовыя ўлады вуснамі распрацоўнікаў прызналіся, што рэалізацыя праекту “Бульбашъ Холл” у Курапатах вядзецца з парушэннямі. Ад самага пачатку.

ВАДЗІМ ГЛІННІК, АРХІТЭКТАР, РАСПРАЦОЎНІК ПРАЕКТУ:
“Гэта нашая даўняя праблема – не толькі ў Менскім раёне, але і ва ўсёй краіне. Спачатку выдаецца зямля пад інвестыцыю, а пасля пад гэта распрацоўваюць горадабудаўнічыя праекты, а ўжо пад гэта падкладаюць праекты зоны аховы”.

Аднак “Бульбашъ Холл” амаль пабудаваны, і разбураць яго ніхто не збіраецца. Таму сам новы праект і яго прэзентацыю ўдзельнікі слуханняў назвалі адкрытаю спробаю нарэшце ўзаконіць незаконны забаўляльны комплекс. Як сцвярджаюць эксперты, і тут з грубымі парушэннямі.

АНТОН АСТАПОВІЧ, ТАВАРЫСТВА АХОВЫ ПОМНІКАЎ:
“Не ўлічаныя ахоўныя зоны, якія яшчэ да гэтага часу маюць юрыдычную сілу згодна з пастановаю Міністэрства культуры 2004 года”.

Паводле пастановы, ахоўная зона ў Курапатах мусіць складаць 100 метраў. Такім чынам, чатыры альтанкі-грыль “Бульбашъ Холлу” дакладна стаяць на недазволенай тэрыторыі.

Аднак новы праект прадугледжвае змяншэнне ахоўнай зоны ўжо да 50 метраў. Абаронцы Курапатаў рашуча супраць такой перспектывы.

ІГАР КУЗНЯЦОЎ, ГІСТОРЫК:
“Могуць быць і месцы пахаванняў за зонаю мемарыялу. НКУС праводзіў і бессістэмныя расстрэлы. Маглі нейкую партыю не давесці ды расстраляць за 50 ці 100 метраў”.

А таму не выключана, што і сам забаўляльны комплекс стаіць акурат на касцях ахвяраў рэпрэсіяў. Ці можна лічыць гэта нармальным? Адназначна адказваюць не толькі шматгадовыя абаронцы Курапатаў, але і тыя, каму даводзіцца жыць непадалёк ад урочышча.

АПЫТАННЕ:
“Для мяне гэта святое месца! Як можна пабудаваць там рэстарацыю?”
“Там людзі гінулі! Якая лазня? Якая рэстарацыя?”
“Калі б яны маглі паўстаць, яны б сказалі: “Што вы робіце!?”

Адметна, што са словаў афіцыйных уладаў, ахова аб’ектаў гістарычна-культурных каштоўнасцяў застаецца ў Беларусі адным з прыярытэтаў. Пра гэта кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў падчас сустрэчы з генеральнай дырэктаркаю ЮНЭСКО Ірынаю Бокавай.

АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКА, КІРАЎНІК БЕЛАРУСІ:
“Для нас вельмі важна знайсці ў нашай мінуўшчыне тое, што звязвае нас з цяперашнім. Таму мы не хацелі б забыць, адкуль мы родам, а таму вялікую ўвагу надаем гэтым аб’ектам. Тым больш, што яны спрыяюць умацаванню нашай дзяржаўнасці”.

Але не Курапаты. Іх існавання ўлады, здаецца, не заўважаюць, а грамадскія слуханні ў Лясным можна лічыць выняткам. Таму абаронцы Курапатаў запрашаюць беларусаў прыняць у слуханнях актыўны ўдзел. Дыскусіі працягнуцца да 1 траўня.

Ян Бабіцкі, “Аб’ектыў”
https://youtu.be/c5ppOmDm-Vk

Глядзі таксама
Каментары