«Чарнобыльскі шлях» не пройдзе ў Курапаты


26 красавіка адбудзецца шэсце і мітынг з нагоды чарговай гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Аднак фармат мерапрыемства Менгарвыканкам змяніў без узгаднення з аргкамітэтам акцыі.

Паводле старшыні Партыі БНФ Аляксея Янукевіча, афіцыйна дазволены збор удзельнікаў намечаны з 16:00 да 16:30 каля кінатэатру «Кастрычнік», шэсце па праспекце Незалежнасці ды вуліцы Сурганава да парку Дружбы народаў, правядзенне ў парку мітынгу з 17:30 да 18:30.

Аргкамітэт падаваў тры прапановы на правядзенне акцыі 26 красавіка. Адна з заявак змяшчала просьбу санкцыянаваць вулічнае мерапрыемства ў «новым фармаце» і скончыць шэсце талакою ва ўрочышчы Курапаты.

Паводле Янукевіча, адмову ў правядзенні акцыі ў заяўленым фармаце ў гарвыканкаме абгрунтавалі тым, што па выбраным маршруце – шмат будынкаў, каля якіх правядзенне масавых акцыяў забароненае законам.

«Чарнобыльскі шлях» – вулічная акцыя, якую беларуская апазіцыя праводзіць штогод з 1988 года ў Менску ў фармаце шэсця, што заканчваецца мітынгам прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў. Выключэнне склаў 2011 год, калі сталічныя ўлады забаранілі шэсце, даўшы дазвол толькі на правядзенне мітынгу.

ДР, belsat.eu паводле БелаПАН

Стужка навінаў