Цімашэнка выступіла за новыя санкцыі супраць Расеі


Юлія Цімашэнка сустрэлася з прадстаўніком Еўрапарламенту Эльмарам Брокам (Elmar Brok) і папрасіла Еўразвяз ужыць санкцыі трэцяга ўзроўню супраць Расеі, калі Крэмль не выканае Жэнеўскага пагаднення.

«Мы ўсе спадзяемся, што Расейская Федэрацыя выканае тыя дамоўленасці, якія былі дасягнуты ў Жэневе, а менавіта разблакуе адміністрацыйныя памяшканні ў Данецкай, Луганскай вобласцях і выведзе свае войскі, якія цяпер дзеяць як тэрарысты, з тэрыторыі Украіны», – паведаміла Цімашэнка пасля сустрэчы з Брокам.

Дадатковыя санкцыі супраць Расеі падтрымліваюць лідары ЗША і Вялікай Брытаніі, якія правялі тэлефонную размову па выніках жэнеўскай сустрэчы. Масква «заплаціць», калі бліжэйшым часам не адбудзецца дээскалацыі сітуацыі – гаворыцца ў паведамленні прэс-службы Белага дому.

17 красавіка на чатырохбаковай сустрэчы ў Жэневе ў справе пераадолення крызісу ўва Украіне дасягнулі наступных дамоўленасцяў:

– Раззброіць незаконныя ўзброеныя фармаванні.
– Вызваліць плошчы і адміністрацыйныя будынкі.
– Правесці амністыю.
– Правесці канстытуцыйныя рэформы.

Расея на чале з міністрам замежных справаў Сяргеем Лаўровым падпісалася пад патрабаваннямі да сепаратыстаў на ўсходзе Украіне раззброіцца, а захопленыя будынкі вызваліць і вярнуць пад кантроль уладаў.

Украінскі ўрад не верыць у гатовасць Расеі да дээскалацыі канфлікту. Паводле прэм’ер-міністра Украіны Арсенія Яцэнюка, «Расея была вымушаная падпісаць заяву і асудзіць экстрэмізм, які фактычна падтрымліваецца Расейскаю Федэрацыяй».

ДР, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары