Паралакс: Сяржант рок-н-ролу


Як паўставалі культавыя фотаздымкі. Што засталося па-за ўвагаю гледача? Аўтары, героі ды эпохі – на чорна-белых і каляровых карцінках. Пра іконы эпохаў – у праектах нашага сайту піша журналіст, знаўца гісторыі фатаграфіі ды фатограф Дзяніс Дзюба.

Прыхільнікам Элвіса Прэслі пашчасціла, што іхнага куміра прызвалі служыць акурат паміж двума буйнымі канфліктамі з удзелам ЗША – карэйскаю ды в’етнамскаю войнамі. Ні перад, ні пасля свет не сачыў гэтак за дэмабілізацыяй аднаго канкрэтнага чалавека.

Калі Элвіса Прэслі забралі ў войска, музыка падумаў, што ягонай кар’еры настаў канец, але калі пабачыў газеты, зразумеў, што армія прынясе яму хутчэй славу, чым забыццё. Па-першае, вучні ды студэнты з ўсёй краіны – ягоныя галоўныя фанаты – пастанавілі ратаваць свайго куміра ад казармаў і зладзілі серыю дэманстрацыяў па ўсёй краіне, каб націснуць на Міністэрства абароны; Пентагон і прэзідэнт былі заваленыя абуранымі лістамі. Па-другое, ягонаю творчасцю пачала цікавіцца больш дарослая і кансерватыўная публіка, шэрагі фанатаў Элвіса з першых ягоных дзён у войску раслі.

Прадзюсар Элвіса Том Паркер (Tom Parker) падрыхтаваўся да позвы свайму падапечнаму і арганізаваў запіс дзесяткаў новых песень, якія потым рэгулярна з’яўляліся на радыё, быццам Элвіс запісваў іх у сваім гарнізоны. Умовы наведваць студыю гуказапісу ў музыкі, дарэчы, былі, але Элвіс імі скарыстаўся толькі аднойчы, на пачатку службы. Асаблівы статус прызыўніка заплюшчваў вочы камандавання на ягоны шалёны лад жыцця, немагчымы для іншых жаўнераў: Элвісу дазволілі зняць асобную кватэру, дзе ён жыў са сваймі амерыканскімі сябрамі – славутаю «мэмфіскаю мафіяй». Праз іх супольныя гулянкі, паездкі ў Парыж і Рым на новых аўтамабілях, якія мог дазволіць сабе кароль рок-н-ролу, самога рок-н-ролу ў ягоным жыцці практычна не засталося.

Але Амерыка чакала свайго ідала, і калі на пачатку сакавіка 1960 года Элвіс меўся пакінуць Нямеччыну, заданне сачыць за апошнімі гадзінамі караля ў вайсковай форме часопіс «Life» даў Джэймзу Ўітмару (James Whitmore), які праводзіў музыку ў ЗША, ды Элу Фэну (Al Fenn), які сустракаў яго на амерыканскай зямлі. На гэтым здымку Ўітмара Прэслі какетнічае з журналістамі падчас сваёй прэс-канферэнцыі напярэдадні ад’езду з Нямеччыны. Праз колькі дзён ён дэмабілізуецца ў званні сяржанта і адразу засядзе ў студыі, каб праз месяц выдаць адзін са сваіх найлепшых альбомаў – «Elvis Is Back!».

Дзяніс Дзюба, belsat.eu

Стужка навінаў