Бездарожны мікрараён: у Магілёве змагаюцца за пешаходную зону


Ні праехаць, ні прайсці. Жыхары аднаго з новых магілёўскіх мікрараёнаў вымушаныя штодзень змагацца з адсутнасцю самага неабходнага – дарогаў. Пры гэтым усцяж невядома, калі будаўнікі здолеюць выправіць сітуацыю.

{movie}Бездарожны мікрараён: у Магілёве змагаюцца за пешаходную зону |right|15977{/movie}

Замест прыемнага вясновага шпацыру – прыкрая неспадзяванка. Дарога скончылася! Што праўда, можаш ісці далей. Але як далёка зойдзеш?

ЖЫХАРКА МІКРАРАЁНУ:
“Дарога жахлівая! Мы штодзень ходзім тут у дзіцячы садок. Гэта жахліва! Не прайсці!”.

Такую карціну мы заспелі ў магілёўскім мікрараёне “Спадарожнік”. Адсутнасць як аўтамабільных дарог, гэтак і пешаходнай зоны вяртаецца штодзённымі пакутамі жыхарам новабудоўляў.

НАТАЛЛЯ ШКАДУН, МЯСЦОВАЯ ЖЫХАРКА:
“Вечарам тут няма ніякага асвятлення. Увесь час існуе пагроза, што трапіш у лужыну ці канаву. Даволі стрэсавая сітуацыя”.

І гэтак ужо амаль тры гады. Найбольш крытычная сітуацыя застаецца на вуліцах Якубоўскага і Пысіна. Не дачакаўшыся дапамогі будаўнікоў, людзі самыя пачалі будаваць вось такія дарогі і пешаходныя кладкі. Каму на працу, каму ў школу. І гэтак кожны дзень. Добра калі не ідзе дождж.

ЖЫХАРКА МІКРАРАЁНУ:
“Тут можна было праваліцца па калена. Сваймі сіламі сабралі смецце з будовы, насыпалі і вось ходзім”.

Аднак лёс жыхароў мікрараёну “Спадарожнік” бліжэйшым часам не палепшыцца. Чаму? Упраўленне архітэктуры гарадскога выканкаму ўдакладніла.

МАКСІМ СТРУКАЎ, УПРАЎЛЕННЕ АРХІТЭКТУРЫ ГАРВЫКАНКАМУ:
“Вось так і атрымоўваецца. Комплексны генеральны план ёсць. Забудова ідзе аднаго дому, двух. Вакол дамоў, вядома, усё добраўпарадкоўваюць. Але калі ўсё забудуецца, тады будуць і дарожкі”.

Калі гэта адбудзецца, у гарвыканкаме не ведаюць. Не валодае дакладнаю інфармацыяй і Упраўленне капітальнай будовы – арганізацыя, адказная за забудову мікрараёну. Паводле мясцовых жыхароў.

НАТАЛЛЯ ШКАДУН, МЯСЦОВАЯ ЖЫХАРКА:
“Гэта будзе працягвацца доўга. Я глядзела, паводле праекту на Якубоўскага будуць вось такія дамы ды яшчэ чатыры дамы, якія пакуль будуюцца”.

Адметна, што выправіць сітуацыю гарадскія ўлады абяцалі яшчэ тры гады таму. Не выключана, што мясцовым жыхарам давядзецца пачакаць яшчэ тры.

Ян Бабіцкі, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў