Як вывесці беларускую эканоміку з тупіку?


Як вывесці беларускую эканоміку з тупіку? І ці адпаведныя захады робяць беларускія ўлады? Аўтар постсавецкай перабудовы ў Польшчы Лешэк Бальцэровіч ацаніў эканамічную палітыку афіцыйнага Менску. Рэфарматар разам са сваймі калегамі з постсавецкіх краінаў Еўразвязу на запрашэнне руху “За свабоду” наведаў сталіцу Беларусі, каб падзяліцца сваім досведам з беларускімі экспертамі.

{movie}Выйсце з тупіку |right|15976{/movie}

Усё, што трэба для эканамічнага росквіту, у Беларусі ўжо ёсць, мяркуюць замежныя адмыслоўцы. Бракуе толькі аднаго.

КЯСТУЦІС ГЛАВЯЦКАС, ФІНАНСАВЫ КАМІТЭТ СЕЙМУ ЛІТВЫ:
“Больш эфектыўнае гаспадаранне, бо Беларусь насамрэч мае вялікія рэсурсы. У Беларусі няма нафты і газу, затое ёсць вельмі добрая кваліфікаваная рабочая сіла”.

Але эфектыўную працу работнікаў дзяржава накіроўвае ў неэфектыўныя галіны. Гэтак мяркуе Лешэк Бальцэровіч – аўтар знакамітай “шокавай тэрапіі”, паспяховых рынкавых рэформаў у Польшчы.

ЛЕШЭК БАЛЬЦЭРОВІЧ, БЫЛЫ ВІЦЭ-ПРЭМ’ЕР ПОЛЬШЧЫ:
“Пры дамінаванні дзяржаўнага сектару, палітычнага сектару – немагчыма, каб развівалася эканоміка, будзе стагнацыя”.

Стагнацыю беларуская эканоміка зазнавала большую частку мінулага года. Сёлета ж яна перарасла ў рэцэсію. Улады, аднак, крызісу існай эканамічнай мадэлі не прызнаюць і замест таго, каб праводзіць рэформы, пазычаюць за мяжою грошы на падтрыманне ілюзіі эканамічнай стабільнасці. Эксперты канстатуюць: гэткае запусканне эканамічнай хваробы рана ці позна выльецца ў абвастрэнне.

ЛЕШЭК БАЛЬЦЭРОВІЧ, БЫЛЫ ВІЦЭ-ПРЭМ’ЕР ПОЛЬШЧЫ:
“Без палітыкі вываду краіны з крызісу магчымая дэвальвацыя”.

Што трэба зрабіць, каб гэтага пазбегнуць, – не сакрэт.

КЯСТУЦІС ГЛАВЯЦКАС, ФІНАНСАВЫ КАМІТЭТ СЕЙМУ ЛІТВЫ
“Структурныя рэформы, рэформы, звязаныя з уласнасцю, і рэформы кіравання. Вось гэта – найгалоўнейшае”.

Але, падкрэсліваюць эксперты: прыватызацыя без змены палітычнай сістэмы доўгатэрміновага развіцця не забяспечыць. Яскравы прыклад – Расея.

ЭРЫК ТЭРК, БЫЛЫ ВІЦЭ-МІНІСТР ЭКАНОМІКІ ЭСТОНІІ:
“Эканамічны рост у Расеі практычна спыніўся – пры тым, што кошты на нафту былі на высокім узроўні. Значыць, гэта краіна, якой патрэбная даволі радыкальная перабудова ўсёй эканамічнай структуры”.

Рэч у тым, тлумачаць эксперты, што без дэмакратычных інстытутаў – незалежных судоў, медыяў і заканадаўцаў – для кантролю над рынкавай сістэмаю – карумпаваная манаполія чыноўнікаў, якая цяпер існуе ў Беларусі, зменіцца на такую ж карумпаваную і неэфектыўную манаполію алігархаў.

Станіслаў Івашкевіч, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў