Чатыры сілы: перамовы аб Украіне ў Жэневе


https://youtu.be/JETvaJDbu9M
Першыя вынікі жэнеўскіх кансультацыяў адносна ўкраінскага пытання. Як заявіў міністр замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў, перамоўцы прынялі заяву ў канкрэтных кроках на шляху дээскалацыі канфлікту. У прыватнасці, дакумент прадугледжвае амністыю для ўсіх пратэстоўцаў, апроч тых, што здзейснілі злачынствы. Усе незаконныя фармаванні маюць быць раззброеныя, усе захопленыя будынкі – вызваленыя.

Масква, Кіеў, Брусель, Вашынгтон. Чатыры бакі, чатыры меркаванні – па адным расейска-ўкраінскім канфлікце. Кансультацыі ў фармаце кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў цягнуліся дзве гадзіны. Упершыню з моманту перавароту у Кіеве кіраўнікі МЗС Украіны ды Расеі афіцыйна сустрэліся дзеля абмеркавання напружання, якое паўстала паміж дзвюмя краінамі.

{movie}Чатыры сілы: перамовы па Украіне ў Жэневе |right|15964{/movie}

Апроч Лаўрова і выканаўцы абавязкаў міністра замежных спраў Украіны Андрэй Дэшчыца, за стол перамоваў у Жэневе селі дзяржсакратар ЗША Джон Кэры ды кіраўніца знешнепалітычнага ведамства Еўразвязу Кэтрын Эштан.

Прадстаўнікі Расеі ды ЗША пры гэтым двойчы зачыняліся дзеля правядзення закрытых кансультацыяў. Адзінства ў пазіцыі ўсіх чатырох бакоў няма. Лаўроў заявіў, што сустрэча адбываецца дзеля ўрэгулявання ўкраінскага ўнутрыпалітычнага крызісу ды рэфармавання ўкраінскай канстытуцыі.

Дэшчыца ж лічыць немэтазгодным абмеркаванне пытанняў унутранай кампетэнцыі Украіны. Прэм’ер-міністр Украіны Арсеній Яцэнюк мяркуе, што важных зменаў варта чакаць не ад перамоваў, а ад Расеі.

Калі Расея хоча стабілізаваць сітуацыю, яна можа, па-першае, супакоіць тэрарыстаў, па-другое, загадаць ім вызваліць будынкі, па-трэцяе, загадаць ім скласці зброю.

Еўрапарламентарыі сёння ж прынялі рэзалюцыю, у якой заклікалі прыняць меры супраць расейскіх кампаніяў ды дачэрніх прадпрыемстваў, асабліва ў энергетычным сектары.

Сёння ж Рада Бяспекі ААН заслухала даклад аб сітуацыі з правамі чалавека ва Украіне.

Узбраенне пратэстоўцаў на Усходзе і іх трансфармацыя ў квазі-ваенізаваныя сілыя павінна спыніцца. Кожны, хто падбухторвае да гвалту, будзе адказваць за трагічныя наступствы.

Прадстаўнікі заходніх краінаў звярнуліся да Расеі з патрабаваннем спыніць “фантастычныя апавяданні” пра напады на этнічных расейцаў ва усходнім рэгіёне Украіны.

Яшчэ да пачатку перамоваў у Жэневе ЗША падрыхтавалі новы пакет санкцыяў на выпадак неэфектыўнасці дыпламатычных мераў. Ва ўнісон з Кіевам Вашынгтон патрабуе ад Масквы тэрмінова адвесці войскі ад мяжы з Украінаю, спыніць падрыўную дзейнасць ды даць адбой сепаратысцкім групоўкам. Апроч таго, правал перамоваў можа змусіць Еўразвяз перайсці да трэцяй фазы санкцыяў – наўпроставага эканамічнага ціску.

Адэля Дубавец, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары