Онлайн-канцэрт «Ляпісаў» паглядзелі каля 14 тыс. асобаў


Упершыню на «Белсаце» мела месца такая падзея: адначасовая трансляцыя канцэрту аднаго з найбольш папулярных беларускіх гуртоў – «Ляпіса Трубяцкога» – у жывым эфіры ды ў інтэрнэце.

Выступ «Ляпісаў» адбыўся 11 красавіка ў межах канцэрту «Салідарныя з Беларуссю–2014», які штогод ладзіць у Варшаве грамадскае аб’’яднанне «Вольная Беларусь». Акрамя галоўнай зоркі вечара салідарнасць з беларусамі выказалі гурты «Maleo Reggae Rockers» (Польшча), «Amaroka» (Беларусь), «Kozak System» (Украіна).

Усім, хто не меў таго дня магчымасці асабіста пабачыць «Ляпісаў», «Белсат» даў магчымасць паглядзець выступ па тэлевізары ці ў інтэрнэце. Гэтым разам, акрамя традыцыйнай онлайн-трансляцыі ў тэхналогіі «Silverlight», мы зладзілі дадатковую – у альтэрнатыўным плэеры «AdobeFlash».

Як паказалі статыстыкі праглядаў, такое развязанне было надзвычай трапнае і паспяховае. Вынікі для плэера «Silverlight» складаюць болей за 3 тыс. праглядаў, а для плэера «AdobeFlash» – болей за 11 тыс. Пераважная большасць карыстальнікаў, якія глядзелі канцэрт, была, вядома ж, з Беларусі (каля 10 тыс.). Немалой зацікаўленасцю карыстаўся канцэрт ува Украіне, у Польшчы ды ў Расеі. Былі адзінкавыя прагляды з такіх краінаў, як Катар, Задзіночаныя Арабскія Эміраты, Марока ды Індыя.

Адначасова запіс канцэрту «Ляпіса Трубяцкога», выстаўлены на нашым канале на «Youtube», сабраў ужо болей за 10 тыс. праглядаў.

Дзякуем усім, хто далучыўся, і запрашаем на прэм’ерны паказ выступаў гуртоў «Amaroka» (2 траўня а 22:15), «Kozak System» (3 траўня а 21:50) і «Maleo Reggae Rockers» (4 траўня а 21:10) на «Белсаце» і ў інтэрнэце. Паўтор канцэрту «Ляпіса Трубяцкога» запланаваны на 1 траўня а 21:45.

Стужка навінаў