Няма адзінства – няма і адзінага кандыдата


Паводле даследвання НІСЭПД, больш за палову беларусаў гатовыя прагаласаваць за новага моцнага кандыдата. Але ці скарыстаецца такімі настроямі насельніцтва апазіцыя?

{movie}Няма адзінства — няма і адзінага кандыдата |right|15951{/movie}

Не толькі прадстаўнікі апазіцыі, але і незалежныя назіральнікі адзначаюць, што сённяшняя ўлада Беларусі фактычна ліквідавала палітычную барацьбу. Апаненты Лукашэнкі пастаянна трапляюць пад рэпрэсіі. Абмежаваная свабода медыяў, таму дэмакратычным палітыкам цяжка прабіцца да выбарцаў. Паразмаўляўшы з менчукамі, мы пабачылі, што і самая актыўная і тэхнічна прасунутая частка насельніцтва – моладзь – не можа проста назваць імёнаў сённяшніх лідараў апазіцыі, не тое што свайго кандыдата.

ЖЫХАРЫ МЕНСКУ:
“Ведаем у асноўным па папярэдняй прэзідэнцкай кампаніі, бо фактычна яны толькі тады і з’яўляюцца на людзях”.
“Шчыра кажучы, нікога не ведаю. Таму б ні за каго б не галасаваў”.
“Я таксама нікога не ведаю. Таму буду галасаваць за Лукашэнку”.
“Помню, здаецца, Казловіч ці Казлоўскі, як яго там… І яшчэ быў адзін на літару М”.
“Калі б быў канкрэтны дакладны чалавек, каторы мог бы штосьці прапанаваць, можа, і прагаласавала б”.

Беларускай апазіцыі трэба адзіны кандыдат – так, паводле Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў, лічыць 40,9 % беларусаў. Аляксандр Мілінкевіч, што быў адзіным дэмакратычным 8 гадоў таму, лічыць, што, вылучыўшы некалькіх прэтэндэнтаў, дэмакратычныя сілы не змогуць набраць неабходнай колькасці галасоў.

АЛЯКСАНДР МІЛІНКЕВІЧ, ЭКС-КАНДЫДАТ НА ПРЭЗІДЭНЦТВА:
“Калі мы паступім так, як у 2010-м годзе, і пойдзем дзявяткаю ці дзясяткаю, то, безумоўна, такіх працэнтаў апазіцыя не дасягне”.

Да выбараў паўтара года – нямала часу, каб апазіцыя паправіла не самыя лепшыя рэйтынгі. Паводле НІСЭПД, апазіцыйным партыям не давярае 66,3 % беларусаў, давяраюць толькі 14,9 % чалавек. Сукупны электаральны рэйтынг дзясятка апазіцыйных лідараў – крыху большы за 20 %. Экс-кандыдат у прэзідэнты Віталь Рымашэўскі лічыць, што вылучэнне адзінага кандыдата дасць апазіцыі рэальны шанец на перамогу.

ВІТАЛЬ РЫМАШЭЎСКІ, ЭКС-КАНДЫДАТ НА ПРЭЗІДЭНЦТВА:
“Колькасць тых людзей, беларусаў, якія будуць гатовыя падтрымаць адзінага кандыдата, яна, безумоўна, будзе большая за колькасць людзей, што гатовыя падтрымаць дзейснага прэзідэнта”.

Вось толькі за паўтара года да прэзідэнцкіх выбараў дэмакратычныя структуры не дамовіліся не толькі пра асобу адзінага кандыдата, а нават пра працэдуру яго вылучэння.

Марцін Ярскі, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў