Ігар Кузняцоў: Беларускі Катынскі спіс – боль і палякаў, і беларусаў


«Калі ў Катыні сярод расстраляных прыкладна 40 % – нарадзінцы Заходняй Беларусі, то ў Беларускім Катынскім спісе гэтая лічба будзе складаць не менш за 70–75 %. Таму гэта боль і беларускага, і польскага народаў», – гаворыць гісторык Ігар Кузняцоў.

{movie}Ігар Кузняцоў: Беларускі Катынскі спіс – боль і палякаў, і беларусаў|right|15935{/movie}

«Беларускі Катынскі спіс – гэта 3870 прозвішчаў паводле афіцыйных звестак», – паведаміў гісторык, чалец савету Менскага аддзялення міжнароднага таварыства «Мемарыял» Ігар Кузняцоў на пасяджэнні круглага стала «Забыты спіс», прысвечанага 74-й гадавіне расстрэлу органамі НКУС больш як 22 000 польскіх афіцэраў на тэрыторыі СССР, сярод іншага ў турмах Заходняй Украіны і Беларусі – 7405 чалавек.

Паводле Кузняцова, неафіцыйныя звесткі сведчаць, што колькасць расстраляных перавышае згаданую лічбу ў 2–2,5 разы.

«Назва круглага стала «Забыты спіс» не выпадковая, – зазначыў ён. – У адрозненне ад Расеі ды Украіны, дзе расстрэльныя спісы ўжо абнародаваныя, наш спіс невядомы. І гэта пытанне ўзнікла толькі ў 2010 годзе напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, калі Лукашэнка абяцаў даць даручэнне апублікаваць гэты спіс. Аднак прайшоў год, нічога не змянілася. На зноў зададзенае пытанне быў адказ: паводле вывучаных дакументаў, Беларусь была транзітная, нікога тут не расстрэльвалі, таму ніякага беларускага Катынскага спісу не існуе».

Аднак, паводле гісторыка, у Расейскім дзяржаўным архіве былі знойдзеныя паперы, з якіх вынікае, што прыкладна 2500 чалавек былі канваяваныя 15-й канвойнай брыгадаю НКУС у Менск. «Далей інфармацыі няма. Палякі летась апублікавалі першыя 98 беларускіх прозвішчаў з гэтага спісу, – сказаў Кузняцоў. – Іншых прозвішчаў, на жаль, мы не ведаем. Таму нашая задача на сёння – успомніць пра тое, што гэты спіс ёсць. Не мае значэння, ці будзе ён знойдзены, важна, каб улады Беларусі прызналі наяўнасць гэтай праблемы і вывучылі яе».

У пасяджэнні круглага стала ўзялі ўдзел гісторык Ігар Мельнікаў, рэжысёрка дакументальнага фільму «Катынь праз 70 гадоў» Галіна Самойлава, каардынатары і ўдзельнікі ініцыятывы «За ратаванне мемарыялу Курапаты».

МЛ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў