Улётка з пячаткаю «Данецкай рэспублікі»: Усім габрэям зарэгістравацца, бо вышлем (Фотафакт)


Трое невядомых ў балаклавах са сцягам Расейскай Федэрацыі расклейвалі каля сінагогі Данецку ўлёткі антысеміцкага зместу. Інфармацыю пра гэта падалі чальцы Данецкай габрэйскай абшчыны.

Яны лічаць, што такім чынам іх спрабавалі справакаваць на канфлікт, каб потым абвінаваціць у нападзе на сепаратыстаў.



Ва ўлётцы надрукаваны зварот: «Паважаныя грамадзяне габрэйскай нацыянальнасці! У сувязі з тым, што лідары габрэйскай абшчыны Украіны падтрымалі «бендэраўскую» хунту ў Кіеве і варожа настроеныя да праваслаўнай Данецкай рэспублікі ды яе грамадзянаў, Галоўны штаб Данецкай рэспублікі пастанавіў наступнае: усім грамадзянам габрэйскай нацыянальнасці, старэйшым за 16 гадоў, якія пражываюць на тэрыторыі суверэннай Данецкай рэспублікі, неабходна ў тэрмін да 3 траўня 2014 года з’явіцца да в. а. камісара ў справах нацыянальнасцяў у будынак Данецкай абласной адміністрацыі, кабінет 514 для рэгістрацыі. Кошт рэгістрацыі складае 50 долараў ЗША».



У выпадку ўхілення ад рэгістрацыі вінаватыя будуць пазбаўленыя грамадзянства і высланыя ў прымусовым парадку за межы рэспублікі з канфіскацыяй маёмасці, напісана ва ўлётцы.

З 6 траўня прадстаўнікі Данецкай рэспублікі” абяцаюць канфіскаваць усе спіртныя напоі без іхных акцызаў. Сепаратысты патрабуюць ад бізнесменаў плаціць ім адзіны падатак у $ 70 штомесяц, заяўляюць аб увядзенні прадуктовых картак і ўсеагульнай мабілізацыі. Парушальнікаў сваіх пастаноў сепаратысты абяцаюць “выселіць ў бэндэры з канфіскацыяй маёмасці”, піша ZN.UA.

МЯ, belsat.eu, паводле novosti.dn.ua

Стужка навінаў